Пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў кастрычніку не плануецца, паведаміў суразмоўца, знаёмы з графікам мерапрыемстваў на афіцыйным узроўні.

Ён звярнуў увагу на тое, што 25 кастрычніка ў Мінску пройдзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. У гэты ж час плануецца правесці і пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага савета.

З улікам чаканых мерапрыемстваў на вышэйшым узроўні пасяджэнне Саюзнага ўрада, відаць, пройдзе пазней. «Магчыма, яно адбудзецца ў лістападзе. Пакуль дакладная дата, як і парадак дня, невядомыя», — зазначыў суразмоўца.

Пры гэтым ён удакладніў, што з самага пачатку планавалася правесці пасяджэнне саюзнага Саўміна 17 верасня, аднак па тэхнічных прычынах яно было перанесенае.

«Беларускі бок ініцыяваў падпісанне на вераснёўскім пасяджэнні саюзнага Саўміна паліўна-энергетычнага балансу на 2014 год», — нагадала крыніца, удакладніўшы, што дагэтуль данае пытанне не вырашана.

Паводле інфармацыі БелаПАН, раней расійскі бок абумоўліваў падпісанне паліўна-энергетычнага балансу ходам рэалізацыі беларуска-расійскіх праектаў у прамысловай сферы. Да гэтага часу вызначаныя пяць такіх праектаў.

Пасля затрымання 26 жніўня ў Мінску гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера адносіны паміж Расіяй і Беларуссю абвастрыліся. Афіцыйныя асобы Расіі называлі дзеянні праваахоўных органаў Беларусі недапушчальнымі і заклікалі афіцыйны Мінск вызваліць Баўмгертнера, які знаходзіўся ў беларускай сталіцы па запрашэнні прэм'ер-міністра Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?