Крымінальная справа аб крадзяжы сродкаў, накіраваных на рэканструкцыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, наўрад ці закране кіраўніцтва тэатра і супрацоўнікаў Міністэрства культуры Беларусі. Такое меркаванне выказаў міністр культуры Барыс Святлоў.

Паводле слоў Святлова, ён чуў аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да нейкага супрацоўніка кампаніі «Белмашсэрвіс», якая займаецца вырабам і пастаўкай офіснай мэблі і ўдзельнічала ў рэканструкцыі тэатра, аднак падрабязнасцяў не ведае.

На мінулым тыдні некаторыя СМІ паведамілі, што Следчы камітэт распачаў на падставе ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, учыненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры) у дачыненні да службовай асобы прадпрыемства «Белмашсэрвіс». Справа нібыта распачата на падставе матэрыялаў праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) і галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) МУС.

Паведамлялася, у прыватнасці, што ў маі гэтага года падазроны махлярскім шляхам завалодаў 400 млн. рублёў са сродкаў, выдзеленых ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя аб'ектаў, што будуюцца» (знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінкультуры) на рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы ў Купалаўскім тэатры. Так, паводле даных КДК, у тэатр была закуплена мэбля агульным коштам у 3,6 млрд. рублёў па завышанай цане: напрыклад, крэсла ў кабінет дырэктара за 41 млн. рублёў.

2 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка аб'явіў вымову віцэ-прэм'еру Анатолю Калініну і былому міністру культуры, надзвычайнаму і паўнамоцнаму паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку «за непрыняцце належных мер па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якое пацягнула павелічэнне тэрмінаў уводу аб'екта ў эксплуатацыю і парушэнні ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?