Алесь Язьвінскі патрабуе вярнуць яму сканфіскаваныя асобнікі “Брамы”, а таксама правесьці з супрацоўнікамі міліцыі тлумачальную працу.

Спадара Язьвінскага затрымалі ўчора ўдзень у пасёлку Гарадзея на вакзале, калі той размаўляў з сябрам. “Я трымаў у той момант у руках сваю газэту” – кажа А. Язьвінскі. Падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсьці ў пастарунак. Нагода – “навязьліва прыставаў са сваёй газэтай да грамадзянаў”.

У пастарунку пратрымалі паўгадзіны і без складаньня пратаколу перадалі рэдактара “Брамы” групе нясьвіскіх міліцыянтаў. Тыя пажадалі агледзець аўто Язьвінскага. Знойдзеныя 60 асобнікаў № 55 газэты сканфіскавалі. “Сказалі, што гэта патрэбна для экспэртызы выданьня, але я думаю, што папросту хацелі прпаверыць, ці не друкую больш за 299 асобнікаў” – мяркуе рэдактар.

У Нясьвіжы міліцыянты прапанавалі яму наведацца да яго на кватэру, спаслаўшыся, што адпаведны дазвол будзе атрыманы ад начальніка сьледчага аддзелу. Не адшукаўшы нічога падазронага, міліцыянты ў прысутнасьці панятых склалі пратакол агляду і сышлі. Аднак гэта быў не апошні іх візыт да Язьвінскага ўчора. Празь некалькі гадзінаў супрацоўнікі Нясьвіскага РУУС наведаліся да яго ізноў з намерам сканфіскаваць сыстэмны блёк кампутара. “Я катэгарычна адмовіўся на той падставе, што ня бачу ніякай нагоды для арышту абсталяваньня”. Што й было адлюстравана ў пратаколе. Пасьля гэтага міліцыянты сышлі.

Сёньня Алесь Язьвінскі аднёс у раённую пракуратуру скаргу на дзеняньні міліцыянтаў. Ён патрабуе вярнуць яму сканфіскаваныя асобнікі “Брамы”, а таксама правесьці з супрацоўнікамі міліцыі тлумачальную працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?