Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 8 кастрычніка на нарадзе ў Варонежскай вобласці прапанаваў ацаніць сітуацыю з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак, каментуючы занепакоенасць некаторых расійскіх вытворцаў, а таксама чыноўнікаў вялікай прысутнасцю беларускіх прадуктаў у гэтай сферы.

Як паведамляе РІА Новости, губернатар Варонежскай вобласці Аляксей Гардзееў (былы міністр сельскай гаспадаркі Расіі.) прапанаваў увесці квоту ў памеры 2 млн. тон у год і назваў прысутнасць беларускіх малочных прадуктаў на расійскім рынку дамінаваннем.

Паводле слоў Гардзеева, Беларусь з 7 млн. тон вырабляемай прадукцыі ў Расію пастаўляе 4 млн. тон.

«Дамінаванне Беларусі як гульца на малочным рынку Расіі выклікае апасенне, у тым ліку і ў манапольным плане: 25% рынку гатовай прадукцыі займае Беларусь», — сказаў губернатар.

Расійскі прэм'ер адзначыў, што квоты ўжо немагчыма прыняць у адпаведнасці з дзейнымі пагадненнямі паміж дзвюма дзяржавамі.

«Адносна балансу з Беларуссю — тэма складаная», — сказаў Мядзведзеў. «У нас, на жаль, няма квот сёння ў прымяненні да нашых адносін з Беларуссю, таму што іх наогул не можа быць ужо ў рамках Мытнага саюза, у нас ёсць нейкія прагнозныя балансы, якія, на жаль, не маюць агульнаабавязковага значэння», — дадаў ён.

Між тым Мядзведзеў падкрэсліў, што Расіі «трэба развіваць уласную вытворчасць, гэта — галоўнае». «Вы справядліва адзначаеце, што мы тут павінны канкурыраваць сумленна», — сказаў ён, звяртаючыся да Гардзеева.

«Тым не менш давайце ацэнім усё, што адбываецца па гэтай траекторыі, і калі будуць прапановы, я гатовы гэта і беларускім калегам прапанаваць», — дадаў прэм'ер.

Як паведамлялася, паводле звестак Мінсельгасхарчу, за студзень—чэрвень 2013 года Беларусь ад экспарту 1,8 млн. тон малака і малакапрадуктаў атрымала больш чым 1 млрд. долараў ЗША валютнай выручкі. Экспарт малака і малакапрадуктаў з Беларусі складае 38% ад экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання.

Асноўным гандлёвым партнёрам з'яўляецца Расія, на гэты рынак пастаўляецца больш чым 95% малака і малакапрадуктаў. За шэсць месяцаў у РФ, паводле звестак Белстата, экспартавана 1,7 млн. тон малака і малакапрадуктаў, рост экспарту склаў 122,1%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?