Асенні дзень астраноміі з’яўляецца «малодшым братам» веснавога Дня гэтай навукі. У гэтыя дні ва ўсім свеце на вуліцы выходзяць аматары астраноміі і прафесіяналы, якія паказваюць усім ахвотным неба ў тэлескоп, праводзяць бясплатныя лекцыі, паказы фільмаў. Таму і кожны год даты гэтых святаў змяняюцца, бо павінны быць выкананыя пэўныя ўмовы: Дзень астраноміі павінен прыходзіцца на суботу (калі ў людзей будзе выходны) і на небе ўвечары павінен быць бачны Месяц.

Сёлета свята прыпадае на 12 кастрычніка, і Мінскі планетарый пры падтрымцы мінскага клуба аматараў астраноміі «Аш-ню» плануе шэраг цікавых мерапрыемстваў. У гэты дзень з 17 да 22 гадзін можна будзе бясплатна паслухаць лекцыі ў Планетарыі ці паглядзець кароткія астранамічныя кліпы беларускіх аўтараў (з абавязковай экскурсіяй па зорным небе). Для дзетак будуць арганізаваныя конкурсы і віктарына. А ў фае планетарыя можна будзе пазнаёміцца з фотавыставай Віктара Малышчыца «Беларусь у абдымках зорак. Працяг». Калі надвор’е будзе спрыяльным, то ў парку Горкага будуць арганізаваныя назіранні за Месяцам у тэлескоп.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?