У адным з варшаўскіх сховішчаў знойдзены невядомы плян Менску 1804 году, на якім паказаны цэнтральны раён сталіцы, дзе цяпер месьцяцца Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы і Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Дзярновіч.

Плян быў адшуканы ў Галоўным архіве старадаўніх актаў (Варшава) у зборах так званага «Менскага гуртка Варшаўскага таварыства апекаваньня помнікамі мінулага» й нядаўна абнародаваны на адной з навуковых канфэрэнцый. Як патлумачыў аўтар публікацыі Алег Дзярновіч, на пляне паказаныя паўднёва‑ўсходнія прадмесьці Менску «Новае месца», «Кашары» й «Ляхаўка», дзе ўздоўж Сьвіслачы ад пачатку XIX стагодзьдзя пачалася жыльлёвая забудова.

Прадмесьце «Новае месца», ці «Новы рынак», паўстала на ўзгорку, дзе цяпер месьціцца сквэр каля тэатру імя Янкі Купалы. Сваю назву прадмесьце атрымала ад плошчы, на якой па нядзелях праводзіліся гарадзкія кірмашы. Побач месьцілася прадмесьце «Кашары», дзе будаваліся вайсковыя казармы (кашары), адкуль і назва. У тыя даўнія часы сёньняшняя вуліца Энгельса насіла назву Дамініканская (пазьней — Петрапаўлаўская), вуліца Леніна была Францысканскай (пазьней Губэрнатарскай). вуліца Чырвонаармейская называлася Кашарскай (пазьней Батальённай і Скобелеўскай), а вуліца Янкі Купалы — Паліцэйскай. Пэрпэндыкулярна вуліцам былі праведзеныя тры новыя: Магазінная (цяпер Кірава), якая была названая так з‑за разьмешчаных паблізу правіянцкіх складоў, а таксама Лошыцкая (цяпер Карла Маркса) і Захар’еўская (цяпер праспэкт Незалежнасьці).

«Верагодна, правобраз гэтай новай тапаграфічнай структуры мы знаходзім на пляне 1804 году. Тут можна ўбачыць трасіроўку будучай вуліцы Магазіннай, паўднёвыя адрэзкі вуліц Францысканскай, Дамініканскай і будучых вуліц Кашарскай і Паліцэйскай. Відаць, тут адлюстраваны пачатковы этап плянаваньні й разьвіцьця «Новага места», — адзначыў Алег Дзярновіч.

Таксама, на думку гісторыка, на пляне прасочваецца трасіроўка будучай вуліцы Ніжне‑Ляхаўскай (цяпер Кастрычніцкай), якая праходзіла праз маёнтак Ляхаўка.

«На беразе Сьвіслачы, на мяжы прадмесьцяў «Кашары» і «Ляхаўка», у раёне сёньняшняга рэстарану «Старое рэчышча» месьціўся яшчэ адзін важны аб’ект. Гэта старажытнае язычніцкае капішча, якое, паводле зьвестак этнографаў, дзейнічала аж да пачатку ХХ стагодзьдзя. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў менскім Музэі валуноў, а тэрыторыя самога капішча ў 1994 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў Беларусі», — распавёў Алег Дзярновіч.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0