Адно з найбольш папулярных графіці ў Парыжы: «Моладзь як зубная паста ў цюбіку: калі занадта моцна націснуць, назад аніяк не загоніш». Але казаць, што Францыя цалкам ахопленая новай моладзевай рэвалюцыяй, нельга. Сапраўды, больш за палову 84 унівэрсытэтаў краіны блякаваныя студэнтамі. Аднак, як і ў нас, у Францыі хапае моладзі, збольшага задаволенай сваім станам і да радыкальных дзеяньняў не гатовай.

Найчасьцей па тэлебачаньні паказваюць, як на вуліцах б’юць машыны. Аднак гэта старая загана мэдыяў – абіраць скрайнія ракурсы. Насамрэч самыя масавыя пратэсты праходзяць досыць мірна: намёты ў дварах унівэрсытэтаў, пэрманэнтныя сутычкі з паліцыяй на вуліцах ды час ад часу вялікія, збольшага негвалтоўныя дэманстрацыі.

У параўнаньні з францускай, беларускую кантрактную сыстэму можна назваць проста драконаўскай. Прымусовае разьмеркаваньне мусіла б абурыць нашых студэнтаў ня менш, чым новы дэкрэт абурыў іх францускіх калегаў. Аднак беларусы ўсё праглынулі. Болевы парог грамадзтва надта зьніжаны. А на французаў націснулі крыху – і яны ўжо на вуліцах.

Ня страх беспрацоўя выгнаў французаў на дэманстрацыі. Моладзь выйшла яшчэ і таму, што адчула: зь ёй ніхто не зьбіраецца раіцца. Яе абурыў стыль палітыкі прэм’ера Дамініка дэ Вільпэна, які пачаў абыходзіцца з унівэрсытэцкай моладзьдзю так, як міністар унутраных справаў Сарказі з моладзьдзю эмігранцкай. Не пажадаўшы весьці доўгія спрэчкі з парлямэнтам, прэм’ер зацьвердзіў дэкрэтам новы аблегчаны парадак звальненьня маладых супрацоўнікаў.

Ёсьць падабенствы ня толькі паміж моладзьдзю дзьвюх краінаў – мала чым розьняцца і міліцыянты з паліцыяй. Забыты камічна-бяскрыўдны камісар Жуў ды выкшталцоны Мэгрэ. Сучасны францускі паліцыянт паўстае ў заходніх мэдыях як закуты ў плястыкавыя шчыткі, бронекамізэльку ды шалом монстар, гатовы з асалодай зьбіваць студэнтаў Сарбоны ў браніраваных грузавіках.

Нягледзячы на падабенства мэтадаў, мэты перад беларускай ды францускай паліцыяй прынцыпова розныя. Перад францускай – не дапусьціць масавых беспарадкаў, перад беларускай – не дапусьціць таго, каб людзі нават думалі пра пратэст. У Францыі жорстка ды нязграбна, але спрабуюць рэгуляваць пратэсты. У Беларусі ж спрабуюць пратэсты наўпрост зьнішчыць.

Ці вы бачылі твар моладзевага супраціву ў Францыі? Найхутчэй, ён будзе схаваны пад капелюшом ды шалікам і не належыць адмысловай пэрсоне: апошняя хваля супраціву паўставала бязь яўных лідэраў. Моладзь згуртавалася сама – пра першы страйк 10 лютага дамовіліся праз Інтэрнэт ды sms-кі. Лідэры партыяў ды прафсаюзаў пачалі «падцягвацца» значна пазьней. Штосьці падобнае адбылося і ў Беларусі, дзе Мілінкевіч ды Казулін хутчэй не кіравалі, а кіраваліся рашэньнямі Плошчы.

Дасьледчыкі групавых паводзінаў параўноўваюць сучасныя нефармальныя групы з чарадой птушак. Так, чараду можна спужаць раптоўным стрэлам. Аднак пасьля яна зноў зьбярэцца разам. І тады чарада можа зрабіцца такой вялікай, што сваімі крыламі закрые сонца таму, хто наважыўся страляць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0