Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне,
але сказаў гэта для народа,
які тут стаіць, каб паверылі,
што Ты паслаў Мяне.
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам:
Лазар! Выходзь.
Яна 11:42­43 

У «Злачынстве і пакаранні» глыбіннага беларуса Дастаеўскага ёсць ключавая сцэна — блудніца Соня і забойца Раскольнікаў уначы, у пакоі з нізкай столлю пры свечцы чытаюць біблейскую гісторыю пра Лазара. Евангелле выварочвае душу, злачынца каецца — і пачынае шлях да выкуплення.

Ісус уваскрэсіў Лазара ў прысутнасці вялікай колькасці сведкаў на чацвёрты дзень пасля смерці, калі цела, пакладзенае ў пячоры, ужо пачало гніць і смярдзець. Многія паверылі ў Бога праз гэты цуд — але начальнікі народа менавіта тады канчаткова пастанавілі Яго забіць.

Лёгка ўявіць: для ксяндза Уладзіслава, які ўжо каторы месяц трывае ў пячоры турмы КДБ, адзінаццаты падраздзел Евангелля паводле Яна адна з улюбёных.

Так шмат знакаў… Лазар — проста скразіць.

Тут ёсць і дзве сястры, Яніна і Ірына, якія, нібы Марта і Марыя, плачуць ды моляцца за брата, і вернікі, якія смуткуюць, і, вядома, начальства, якое лепш за ўсіх ведае: калі Бог раптам пачынае тварыць цуды, трэба прымаць меры.

…І цяжкое, напружанае маўчанне надае яшчэ большае падабенства евангельскай гісторыі: маўчаць, быццам па памерлым.

Менавіта ў доме Лазара, дзе ягоная сястра Марыя памазала Госпада каштоўным мірам, выціраючы ўласнымі валасамі перад укрыжаваннем, сэрца апостала Юды разадрала здрада.

Містыка справы Лазара прымушае стойваць дыханне: неўзабаве пасля ўваскрашэння пахаванага — уваход у Ерусалім.

Чаму Ісус так доўга чакаў, чаму не ішоў дапамагчы сябру ў смяротнай хваробе? Марудзіў, пакуль Лазар не памрэ, пакуль сваякі не адчуюць страты, пакуль не пераканаюцца вучні…

Цяжка пазбыцца пачуцця, што і зараз Госпад чакае, каб дайшло.

Каменная пячора сталінскіх часоў, куды перад смерцю памяшчалі беларускіх святароў, паэтаў і дзеячаў, — у самым цэнтры сталіцы. Вось ужо тры гады менавіта яна — скрыжаванне малітваў і чаканняў, сэрца страху і пакутлівай адзіноты, у якім штодня чуюцца званы Архікатэдральнага касцёла Найвялікшай Панны Марыі з плошчы Волі.

Што хоча сказаць Ён сёння нам, беларусам, праз самоту Лазара?

Акуратны, яшчэ ў школе празваны «Панічом» за бездакорны выгляд, Уладзімір паступіў у семінарыю і стаў ксяндзом Уладзіславам. Спадчыну, сабраную для яго матуляй у залатых упрыгожаннях, абмяняў на грошы і ўклаў у будаўніцтва касцёла ў Мар’інай Горцы, куды накіравалі служыць. Ад паніча не засталося і следу: сам праводзіў на касцельны падворак ваду, вазіў тачкамі зямлю, высаджваў кветкі… Даводзілася самому латаць сваю адзіную куртку — усе грошы, заробленыя ці ахвяраваныя, ішлі на парафію, добраўпарадкаванне ці святочныя падарункі дзецям.

«Мы гэтага ксяндза атрымалі з неба», — казалі мар’інагорскія парафіяне.

У мінскую Катэдру, дзе малады ксёндз Уладзіслаў казаў па­беларуску, шмат хто прыходзіў адмыслова, каб паслухаць ягоную навуку.

Не баяўся казаць праўду. За гэта многія яго і ненавідзелі.

Арышт такога ксяндза — выклік Касцёлу ў гэткай жа ступені, у якой арышт гендырэктара «Уралкалія» — выклік Расіі, а палітвязні Плошчы — Еўропе.

Больш за тое, справа Лазара — выпрабаванне для ўсёй Царквы. Хопіць маўчаць пра тое, што творыцца ў краіне, — вось, зло ўжо прыйшло па цябе.

Госпад дапускае, каб праз пакуты і боль аднаго ўвесь Касцёл зразумеў: калі сапраўды стаіш на каленях перад Богам, а не перад дыктатарам — чакай палітычнага абвінавачвання ў замаху на царскую ўладу, абвінавачвання, вынесенага Самому Хрысту. Тутэйшаму Пілату абавязкова падкажуць: «Калі адпусціш яго — ты не сябар кесару».

Год таму дзясяткі тысячаў евангельскіх вернікаў па ўсёй Беларусі маліліся за пратэстанта Змітра Дашкевіча, зняважанага начальнікам Мазырскай калоніі. Царква запатрабавала спыніць здзек; дзеля аднаго з’ядналіся ўсе. Тады рэжым адступіў, Змітра пакінулі ў спакоі і перавялі.

Логіка зла няўмольная: спроба прыняць яго як норму, зрабіць выгляд, што «так і трэба», або дамовіцца вядзе да паразы дабра. Непрыняцце зла, якое выявіў Ісус, — адзінае выйсце, але куды яно вядзе, мы ўжо дзве тысячы гадоў ведаем. Яно вядзе на крыж.

Увогуле, найлепшыя беларускія ксяндзы гнілі ў турмах за праўду і краіну ўсё апошняе стагоддзе: і заснавальнік БХД Вінцэнт Гадлеўскі, што абураў улады беларускімі казанямі ў Жодзішках, і Казімір Свёнтак, абвінавачаны ў тым жа шпіянажы, і Станіслаў Лазар, пробашч Пружанскага, а потым і Берасцейскага касцёлаў, арыштаваны за прысутнасць на імшы школьнікаў ды крытыку калгасаў.

Зразумела, пасля справы Гайдукова веры ў «шпіянаж» ксяндза Уладзіслава няма.

Зразумела, родным і вернікам «хто трэба» ўвесь час падказвае, што агалоска шкодная, ціха­ціха, абы чаго горшага не было.

Ксяндзы і вернікі перашэптваюцца. Справа Лазара ўваскрашае ідэю актыўнай палітычнай каталіцкай сілы, якой была легендарная Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 1920—30­х.

Штодня званы ад Катэдры б’юць, прабіваюцца ва ўнутраны двор КДБ — іх чуваць у кожнай камеры «амерыканкі».

Ведай, кожны каталік, кожны хрысціянін, — гэты звон звоніць па табе.

Бо дзеля таго, каб Ісус вызваліў Лазара з затхлай пячоры, Марце трэба было паклікаць ды выйсці сустрэць Яго, Марыі: маліцца і верыць, вучням — быць побач, разам, а народу, які сабраўся суцяшаць сёстраў, — адваліць ад пячоры камень.

— Лазар! Выходзь.

І тады хай замірае ды ахае люд, хай фарысеі да болю заплюшчваюць вочы і хай глядзіць уся краіна, як пад перазвон званоў з плошчы Волі вызваляе Бог.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?