У афіцыйнага Менску цяпер новы сябра. Як ні дзіўна, ён ня з Блізкага Ўсходу і не з Лацінскай Амэрыкі. «Халодная вайна» з Крамлём прымусіла кіраўніка беларускай дзяржавы шукаць сяброў і хаўрусьнікаў сярод нядаўніх ворагаў. Лукашэнка палічыў неабходным актывізаваць супрацоўніцтва з…грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі.

І гэта пры тым, што ні зь якой іншай дзяржавай, утворанай пасьля распаду СССР, у Беларусі не было нагэтулькі нацягнутых адносінаў, як з Грузіяй. Асабліва пасьля таго, як там адбылася «рэвалюцыя ружаў». Дзяржаўная прапагандысцкая машына РБ абрынулася тады на гэтую закаўкаскую краіну ўсёй сваёй магутнасьцю. Грузіі дасталося нават болей, чым потым «аранжавай» Украіне.

Пасьля таго, як там адбылася «рэвалюцыя ружаў». Грузіі дасталося нават болей, чым потым «аранжавай» Украіне.

З таго часу афіцыйныя асобы ў РБ не сказалі пра Грузію літаральна ніводнага добрага слова. Дзяржаўныя СМІ нават ставілі пад сумнеў законнасьць прыходу Саакашвілі да ўлады.

«Выбары перастаюць служыць надзейным спосабам вырашэньня пытаньня аб уладзе. Ненатуральнае, а часьцяком і гвалтоўнае іх завяршэньне становіцца амаль нормай…Гэтая ланцуговая рэакцыя, як вядома, пачалася ў ЗША, дзе Дж. Буш—малодшы стаў у 2000 годзе прэзыдэнтам пры вельмі сумнеўным выніку выбараў. Затым амэрыканскі досьвед перанялі ў СНД: 2003 г. — Грузія, 2004 г. — Україна, 2005 г. — Кыргызстан», — пісала газэта адміністрацыі прэзыдэнта РБ «Советская Белоруссия».

З «каляровымі рэвалюцыямі» ўсё зразумела — у Беларусі набліжаліся свае прэзыдэнцкія выбары, і ўлады ўсімі сіламі імкнуліся прадухіліць магчымасьць разьвіцьця падзеяў паводле аналягічнага сцэнару. Таму трэба было пераканаць сваіх грамадзянаў у тым, што акурат у тых краінах, дзе гэтыя рэвалюцыі адбываюцца, у выніку губляецца стабільнасьць, а на зьмену ёй ідуць хаос і нэндза.


Міхаіл Саакашвілі

Той факт, что ўсё гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці, айчынных ідэолягаў хвалявала мала. З экранаў БТ і старонак газэт штодня ліўся бруд і на новае кіраўніцтва Грузіі, і на новае кіраўніцтва Ўкраіны.

Пануючаму рэжыму ўдалося не дапусьціць у Беларусі нават намёку на рэвалюцыю і захаваць статус‑кво (існуючае становішча). Але ж Грузіі й яе прэзыдэнту дасталося, што называецца, па поўнай праграме.

Чаго варты хаця б такі загаловак артыкула аб сытуацыі ў гэтай краіне ў згаданай «СБ»: «Чорныя дні ружовага Мішы».

Подлівала масла ў агонь і Расея, у якой з Грузіяй уласныя даўнія рахункі.

Свайго піку беларуска‑грузінскае супрацьстаяньне дасягнула акурат падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады КДБ на чале з Сухарэнкам раскрыў «змову» з удзелам «тэрарыстаў», якія зьбіраліся атруціць вадаправод, кінуўшы ў яго дохлых пацукоў. Аляксандар Лукашэнка асабіста паведаміў сьвету пра пляны нейкіх «грузінскіх адмарозкаў», якія, нібыта, зьбіраліся ўзяць удзел у падрыхтоўцы «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі. У менскім аэрапорце былі затрыманыя, а потым дэпартаваныя ў Тбілісі некалькі грузінскіх дэпутатаў. Сябры грузінскай маладзёвай арганізацыі, а таксама журналісты, якім удалося патрапіць у Менск, былі арыштаваныя на некалькі сутак.

Масква, тым часам, падштурхоўвала ўлады РБ, каб яны ўсьлед за Расеяй увялі візавы рэжым у адносінах да Грузіі.

Са свайго боку, грузінскія лідэры не стрымліваліся ў эпітэтах на адрас уладаў РБ. Напрыклад, сьпікер грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзе заяўляла: «цяперашнія беларускія ўлады знаходзяцца ў агоніі й робяць неадэкватныя крокі», а прэзыдэнт Саакашвілі ў сваім артыкуле ў газэце New York Times пісаў аб тым, што «рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які правіць з дапамогай страху, сам баіцца свайго народу».

У свой час Міхаіл Саакашвілі нават выказваў намер вызваліць беларусаў ад «рэжыму Лукашэнкі», заручыўшыся падтрымкай літоўскага прэзыдэнта Валдаса Адамкуса.

(Дарэчы, варта нагадаць, што Саакашвілі атрымаў вышэйшую адукацыю ў ЗША, бліскуча валодае ангельскай мовай і арыентуецца ў сваёй зьнешняй палітыцы на Вашынгтон).

У свой час Міхаіл Саакашвілі нават выказваў намер вызваліць беларусаў ад «рэжыму Лукашэнкі»

І вось сытуацыя нечакана памянялася на 180 градусаў. 17 верасьня, падчас сустрэчы ў Менску зь міністрам унутраных справаў Грузіі Іванам Мерабішвілі, Лукашэнка заявіў, што ён «вельмі рады…падвесьці рысу пад пэрыядам хаосу, бязладзьдзя, вызначэньня ўзроўню нашых двухбаковых адносінаў». Забаўна, што пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, быццам у яго з Саакашвілі «склаліся вельмі добрыя адносіны». Няўжо пасьля тых камплімэнтаў адно аднаму?

«Мы вызначыліся, сьведчаньнем гэтага ёсьць адкрыцьцё вашага пасольства ў Менску і адкрыцьцё неўзабаве нашага пасольства ў Грузіі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што беларускі бок «поўны рашучасьці аднавіць і прымножыць адносіны, нават зрабіць іх больш высокімі ў параўнаньні з савецкім пэрыядам» і настроены «на добрыя ўзаемаадносіны з грузінскімі братамі».

Праўда, з паведамленьняў дзяржаўных СМІ ня вельмі зразумела — ці спыніць цяпер Грузія «трэніроўкі тэрарыстаў» на сваіх базах з мэтай адхіленьня кіраўніка РБ ад улады?

А калі сур’ёзна, дык мы назіраем сапраўды круты віраж у зьнешняй палітыцы Беларусі. Сябры становяцца ворагамі, а ўчорашнія ворагі — найлепшымі сябрамі.

Прычына такога манэўру — у «халоднай вайне» з Расеяй, якая пачалася ўзімку 2006 году, з росту цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

Так што і падставы «братэрскай дружбы» з Саакашвілі відавочныя. У яе аснове — жаданьне паказаць Расеі фігу: маўляў, ня хочаце з намі сябраваць (то бок, фінансаваць наш «эканамічны цуд») — будзем сябраваць з вашымі ворагамі. Ніякіх іншых разумных тлумачэньняў беларуска‑грузінскаму дыпляматычнаму прарыву няма й ня можа быць.

Гэтак справа дойдзе і да ўступленьня ў НАТО і да адраджэньня ідэі Чарнаморска‑Балтыйскага калектара

Гэтак справа дойдзе і да ўступленьня ў НАТО і да адраджэньня ідэі Чарнаморска‑Балтыйскага калектара — свайго роду пакту прыбалтыйскіх дзяржаваў, Беларусі і Ўкраіны, які адрэзаў бы Расею ад Эўропы.

Наступным на чарзе сярод патэнцыйных сяброў, бадай, стаіць прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.

Хоць наўрад ці цёплыя словы Лукашэнкі на адрас Саакашвілі прамаўляліся ад шчырага сэрца. Але ж сам факт шмат пра што гаворыць. Напрыклад, пра няўпэўненасьць сёньняшніх уладаў Беларусі. І пра тое, што Беларусь ужо ня зможа заставацца такой, якой была апошнія 13 гадоў.

У любым выпадку, само зьяўленьне ў Менску пасольства Грузіі ды магчымасьць больш трывалых кантактаў беларусаў з гэтай краінай — факт, безумоўна, пазытыўны.

Георгі Андронаў, Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0