У прэс-цэнтры «Камсамольскай праўды» — невялікім пакойчыку — аншлаг: чакаюць Сяргея Бязрукава, які прыехаў у Мінск са спектаклем «Хуліган», прысвечаным Сяргею Ясеніну. Бязрукаў у спектаклі рэжысёр-пастаноўшчык і выканаўца галоўнай ролі.

На калідоры ля прэс-цэнтра часам раздаюцца воплескі і крыкі кшталту «Ура!», такое ўражанне, што трэніруюцца сустракаць. Журналістаў папярэджваюць, што ў Бязрукава жорсткае абмежаванне па часе –- сорак хвілін, бо ўчора быў спектакль, сёння ўвечары будзе спектакль, і вольнага часу ў акцёра ну зусім няма.

Сустракаюць ружамі — Бязрукаў якраз хутка адзначае 40-годдзе — акцёр выглядае крыху стомленым, адчуваецца, што за пару гадзінаў да канцэрту ён пачынае ўваходзіць у вобраз. Хто глядзеў фільм, той зразумее.

«Я прыйшоў да вас, хаця варта было бы адпачыць, спектакль адбірае шмат энергіі, трэба адпачываць, але я да вас прыйшоў», – Бязрукаў усміхаецца «фірмовай усмешкай», і ўвесь час пазірае кудысьці ўверх і ўлева.

Болей за ўсё акцёра займае расказваць пра спекталь «Хуліган», ягоную новую версію, у якой няма «нічога апроч паэзіі». Слова «поэзия» ён вымаўляе з падкрэсленым «о», як і слова «поэт». І кажа пра тое, што вяртаюцца, вяртаюцца тыя часы, калі паэзія магла збіраць стадыёны: ён зрабіў флэшмоб на дзень народзінаў Ясеніна, сабралася моладзь, тры гадзіны чытала вершы паэта.

«Яны прыйшлі не на Бязрукава паглядзець, яны прыйшлі вершы чытаць. Я з’ехаў, а яны пасля яшчэ дзве гадзіны чыталі вершы», – кажа акцёр.

Артысты розных краінаў прыходзяць на прэс-канферэнцыю з рознай мэтай, еўрапейцы і амерыканцы найчасцей расказваюць пра бягучыя праекты, у той час калі нашыя суайчыннікі, а таксама (і асабліва) усходнія суседзі часцяком маюць іншую мэту – на прэс-канферэнцыю яны прыходзяць з моцным зарадам духоўнасці, якую распаўсюджваюць навокал сябе. Бязрукаў таксама не стаў выключэннем.

Не, ён не будзе выконваць ролі палітыкаў.

Галоўнае ў жыцці культура — у Тбілісі «Хуліган» ужо цалкам распраданы, а ў Расіі з’явіліся грузінскія віны і баржомі. Хай палітыкі б разбіраліся паміж сабой, а мы б жылі ў міры і згодзе. І ўвогуле няма прарока ў сваёй Айчыне.

«Я лічу, што «Легенда нумар 17» выдатны фільм, — кажа Бязрукаў.

— Мы глядзім яго, і нас аб'ядноўвае хакей, якой бы мы ні былі нацыянальнасці, веравызнання. Калі мы глядзім гэтае кіно, мы не зважаем на такія рэчы».

Інтанацыі ў акцёра зусім ясенінскія (прынамсі, ва ўяўленні большасці ў Ясеніна былі менавіта такія). Яго і назвалі ў гонар паэта. І зараз ён бы хацеў, каб людзі разам звярнуліся да расійскіх уладаў, і патрабавалі разам з ім расследавання абставінаў смерці Ясеніна.

«Дзве гадзіны спектакля ўвечары», – нагадвае Бязрукаў. – «Гэта нічога, «Пушкін» доўжыцца чатыры з паловай».

Пад канец Бязрукаў расказвае, што любіць здымацца ў Беларусі, што калі б яму прапанавалі добры сцэнар, добрую ролю, то ён бы згадзіўся, але зараз для яго на першым месцы тэатр. «Камсамольская праўда» дорыць акцёру ягоны партрэт, зроблены тут і цяпер. Бязрукаў усміхаецца: «Вось гэта і ёсць цуд». Жмурыцца кудысьці ўверх і хутка ўцякае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?