Чарга ў Польскі кансулят у Менску складае 4 тысячы чалавек. Усе, хто жадае атрымаць візы ў Польшчу, мусяць запісвацца, рэгулярна зьяўляцца на пераклічкі паводле свайго нумару ў сьпісе, дзяжураць па начах. Нейкіх адмысловых арганізатараў усяго гэтага няма, проста гэткім чынам людзі спрабуюць самаарганізавацца. Як гэта звычайна здараецца ў чэргах, тут кружляюць плёткі, часта ўспыхваюць скандалы, часам людзі млеюць і быў нават выпадак, калі выкліканая хуткая дапамога ўжо нічым не магла дапамагчы.

З тымі, хто стаіць у чарзе, гутарыла наша карэспандэнтка Ганна Гарачка.

Колькі часу праходзіць, пакуль чалавек трапіць у кансулят?

— Некалькі месяцаў трэба хадзіць штодня адзначацца ў чарзе. Чарга надта вялікая. Апошні нумар у сьпісе 3964.

Сьпісы вядуць дабраахвотнікі?

— Тыя, хто жадаюць хутчэй атрымаць візу. Начуюць тут каля кансуляту, дзяжураць, за гэта трапляюць у пачатак чаргі. Ахвяруюць сваім здароўем, часам. Мерзнуць тут. Часта здараюцца непрыемныя моманты, бо людзі моцна нэрвуюцца.

— Вось учора мяне не знайшлі ў сьпісе, я павінна была быць ужо 50‑я. Я адзначаюся з 28 жніўня. І мой нумар яшчэ 1169.

— Сьпісы складаюцца ў тоўстых сшытках, перадаюцца дзяжурнаму з рук у рукі. Атрымліваюцца цэлыя архівы.

Як вы ацэньваеце свае шанцы трапіць у Польшчу?

— Вельмі малыя. Я толькі 1891. Адзначаюся месяца паўтара. Можна было б пешкі дайсьці. Гэта адзін з апошніх шанцаў трапіць у Польшчу турыстам, бо віза будзе каштаваць 60 эўра. Сэнсу ехаць у Польшчу ня будзе. Дадаў яшчэ 100 эўра і можна адпачываць у Турцыі.

— Мы едзем у Польшчу да нашай старой цёткі, ёй 86 гадоў. Ня ўпэўненыя, што пасьпеем атрымаць візу, бо яна можа не дажыць.

— Мне вельмі складана, бо я не зь Менска, трэба прыяжджаць, штодня званіць па мабільным тэлефоне, адзначацца ў чарзе.

— Мы едзем у Польшчу да нашай старой цёткі, ёй 86 гадоў. Ня ўпэўненыя, што пасьпеем атрымаць візу, бо яна можа не дажыць.

— Кажуць, што месца ў чарзе можна прадаць за 12 даляраў, нехта кажа — за 50. Нехта зарабляе на гэтым.

— Я лічу, што наш прэзыдэнт не пусьціў польскіх дыпляматаў, дык у адказ Польская амбасада так і працуе. Амбасадар Беларусі ў Польшчы казаў, што там таксама ёсьць чарга, але беларускую візу атрымліваюць 100 чалавек за дзень. А тут — па 50, па 40. Часам зусім прыёму няма. Кепска яны сябе адчуваюць, ці што?

Ганна Гарачка, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0