У Беларусі ў гэтым годзе 85 гаспадарак атрымалі высокую ўраджайнасць збожжа — больш як 60 ц/га, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Куратнік.

Самая высокая ўраджайнасць сярод сельгасарганізацый рэспублікі ў ЗАТ "Агракамбінат "Зара" (Магілёўскі раён), якім кіруе Леанід Майсееў. Тут атрымана з кожнага гектара па 77,8 ц. У гэтым годзе калектыў гэтай гаспадаркі вылучаны на атрыманне ўзнагароды рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі" паўторна. У Магілёўскай вобласці гонару быць удзельнікам фестывалю ўдастоены таксама калектыў СВК "Кастрычнік" Мсціслаўскага раёна пад кіраўніцтвам Пятра Лаўнікава.

У Мінскай вобласці па эканамічных паказчыках і паспяховаму завяршэнню ўборкі збожжавых лепшымі сельгасарганізацыямі назвалі філіял "Пяцігор’е" ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі", калектывам якога кіруе Сямён Шапіра, і ўжо другі раз СВК "Агракамбінат "Сноў" пад кіраўніцтвам Мікалая Радамана. Паказальна тое, што філіял "Пяцігор’е" як стратная гаспадарка быў далучаны да агракамбіната "Дзяржынскі", дзякуючы чаму за кароткі тэрмін выйшаў у перадавыя. Агракамбінат "Сноў" адпавядае ўсім патрабаванням сучаснага рынку. Тут высокая культура земляробства і жывёлагадоўлі, а ўраджаі — 100 ц/га і надоі малака — больш як 7 тыс. кг ад каровы сталі нормай. На работу ў СВК "Агракамбінат "Сноў" прымаюць толькі па конкурсу. Гаспадарка прызнана лепшай у Беларусі па эканамічных паказчыках і эфектыўнасці сельгасвытворчасці.

У Гродзенскай вобласці лепшай сельгасарганізацыяй назвалі СВК "Кастрычнік", якім кіруе Сяргей Крамко. У Гомельскай вобласці — СВК "Крыўск" Буда-Кашалёўскага раёна пад кіраўніцтвам Аляксандра Падалячына. У Віцебскай вобласці — РСУП "Агракамбінат "Юбілейны" Аршанскага раёна, дырэктарам якога з’яўляецца Аляксандр Фірсін. У Брэсцкай вобласці першымі сталі калектывы ААТ "Белавежскі" Камянецкага раёна (кіраўнік Юрый Мароз) і РУВСП "Птушкафабрыка "Дружба" (кіраўнік Васіль Маркевіч).

Гэтыя калектывы прэтэндуюць на перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур і нарыхтоўцы кармоў у 2007 годзе. Прэмія за першае месца складзе Br20 млн, таксама будзе ўручаны ганаровы дыплом.

Таццяна ЛОБАС, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?