Нацбанк і Савет Міністраў зацвердзілі план структурнага рэфармавання эканомікі Беларусі.

Гэты дакумент фактычна азначае разварот беларускай эканомікі ад інфляцыйнай мадэлі развіцця. Чыноўнікі на паперы гатовыя змірыцца з замаруджваннем росту ВУП і перайсці да жорсткай эканоміі.

План утрымлівае некалькі асноўных палажэнняў.

1) Рэзкае скарачэнне крэдытавання беларускай эканомікі. Да канца года прадпрыемствы мусяць атрымліваць не больш за 30 трыльёнаў рублёў у месяц (1% прыросту патрабаванняў банкаў да эканомікі ў месяц), а за ўвесь наступны год прырост патрабаванняў банкаў павінен скласці не больш чым 52 трыльёны рублёў.

Іншымі словамі, грошай на мадэрнізацыю будзе выдавацца менш, чым хацелася прадпрыемствам.

2) На вяртанне замежных крэдытаў Беларусі патрэбныя грошы. Адкуль іх узяць? Да канца года Беларусь прадасць на ўнутраным рынку аблігацый на $500 мільёнаў.

Апошнім часам патэнцыйных пакупнікоў небагата, таму каштоўныя паперы могуць павесіць на дзяржаўныя банкі.

3) Дадатковы пошук грошай у бюджэт, каб ён сёлета атрымаўся бездэфіцытным. Для гэтага

частку прыбытку папросяць не толькі ў высокарэнтабельных прадпрыемстваў накшталт «Беларуськалія» ці «Нафтана», але і ў дзяржаўных банкаў і нават у Нацбанка.

Грошы пастараюцца атрымаць і з дадатковага продажу ўчасткаў пад катэджы — больш за $50 мільёнаў.

4) Падатковая рэформа адкладзеная на лета 2014. Тады плануецца разгледзець пытанне аб увядзенні адзінага падатку на маёмасць, перайсці да сплаты падатку на нерухомасць у залежнасці ад рэальнай цаны аб'екта, а таксама скараціць склад падатковых ільготаў.

5) Правядзенне беларускага і замежнага IPO высокаліквідных ААТ.

Апроч таго,

у план занесеныя дзясяткі больш абстрактных прапановаў, напрыклад, павышэнне пенсійнага ўзросту.

З гэтай праграмай дзеянняў беларускія чыноўнікі збіраюцца пачаць перамовы аб выдзяленні новага крэдыту МВФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?