Пасьля выкананьня місіі на пасадзе эмісара МЗС Сяргей Гайдукевіч, адчуваецца, улёг у перадвыбарчыя клопаты. У прыватнасьці, зноў завёў гаворку пра імавернасьць пераходу на зьмешаную сыстэму пры выбарах у Палату. Мусіць, ёсьць нейкія выцечкі інфармацыі (ці дэзінфармацыі).

Штаб АДС, са свайго боку, прысьпешвае фармаваньне адзінага сьпісу (пры тым што шанцы яго скласьці надта цьмяныя). Кажуць, што магчымая датэрміновая кампанія. А што, зладзіць яе пад шумок апэрацыі "Пераемнік" у Расеі — зручны для ўладаў варыянт.

На думку палітоляга Юрася Чавусава, наверсе калі і пойдуць на зьмену выбарчых парамэтраў, то зададуць ня болей за адну новую опцыю. Або-або: ці датэрміновыя выбары па старой схеме — выключна па акругах, ці — паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы, але тады толькі праз год увосень. Іначай можа перагрэцца паслухмяная, аднак непаваротлівая вэртыкаль.

Лукашэнка, адчуваецца, не давярае нават кіраванаму партыйнаму будаўніцтву. Імітацыя міжпартыйнай канкурэнцыі за мандаты патрэбная хіба што напаказ Эўропе. Але факт тое, што будуць "прызы ў студыю". І палітычны нюх Гайдукевіча працуе. ЛДП запасаецца папулярнымі тварамі. У партыю прынялі вядомага коміка Крыжаноўскага. Мала хто ўжо памятае: актор спрабаваў балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Але высьветлілася, што ён не адпавядае заканадаўчаму патрабаваньню быць беларускім грамадзянінам паводле нараджэньня. У парыве эмоцыяў артыст назваў тады гэту норму дыскрымінацыйнай і ўвогуле выказваўся даволі сьмела. Во якая была яшчэ дэмакратыя!

…Памятаю, у 1979-м, студэнтам журфаку, я зрабіў з маладым артыстам Купалаўскага тэатру Яўгенам Крыжаноўскім інтэрвію для "Чырвонай зьмены". Ён тады з гонарам адзначыў, што атрымаў галоўную ролю ў вадэвілі "Мікітаў лапаць".

А нядаўна ў інтэрвію радыё "Свабода" пасталелы Крыжаноўскі філязафічна разважаў: "Палітыка — гэта той самы тэатар: зь дзейнымі асобамі, з масоўкай; тое, што кажуць "караля грае сьвіта". Як Шэксьпір казаў: увесь сьвет — тэатар, а людзі ў ім акторы. І Тоні Блэр быў такім самым акторам, як і Ельцын, Гарбачоў, Гітлер, Нэрон. Гэта ўсё артысты".

Як бачым, неўзабаве ў беларускім палітычным тэатры можа пачацца новая дзея. Хай сабе сцэнар напісаны вядома дзе, але падобна на тое, што ўжо зьяўляецца попыт на твары, трохі адрозныя ад намэнклятурнага тыпажу. У Расеі гэта працэс даўно пайшоў. Пра Амэрыку і казаць няма чаго. Прафэсыйны актор Рэйган здолеў нават стаць прэзыдэнтам. Праўда, там палітычны тэатар ня так падобны да калгаснага клюбу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?