Гэтыя дадзеныя прыведзеныя сёньня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, паведамляе радыё «Свабода».

Камэнтуючы іх для «Свабоды», экспэрт у галіне аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук адзначыў:

«Я зьвярнуў увагу на тое, што дзяржаўныя чыноўнікі пазьбягаюць камэнтаваць такія дадзеныя. У нас жа звычайна адбываецца толькі пад’ём, рост, павелічэньне, нарошчваньне ўсяго. А тут падзеньне, і даволі вялікае.

А калі часам нешта і гавораць, то ўсё зводзіцца да аднаго — сёлета неспрыяльнае для сельскай гаспадаркі надвор’е. Так. надвор’е — гэта той фактар, які трэба мець на ўвазе. Але ня больш за тое. Галоўная прычына заняпаду палягае ня ў гэтым.

Сёлета дзяржава дала меней рэсурсаў для сельскагаспадарчай вытворчасьці. У выніку закупілі менш угнаеньняў, сродкаў аховы расьлін і ўсяго іншага.

Адсюль і паніжэньне ўраджайнасьці: з 37 цэнтнэраў з гектара летась — да 31 цэнтнэра сёлета.

Мы бачым, што ў нашай краіне, як толькі зьмяншаецца масіраванае ўліваньне дзяржаўных сродкаў у аграрны сэктар, зьнікае стабільнасьць.

А гэта паказвае, што калі няма сапраўднага гаспадара, то зьніжэньне фінансаваньня, нават ня вельмі значнае, балюча адбіваецца на выніках працы.

У рэшце рэшт, галоўнае нават ня ў тым, што адбываецца падзеньне вытворчасьці на 2%. Самае кепскае — падае эфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі. Значна панізілася рэнтабэльнасьць.

І гэта прыводзіць да таго, што наша сельская гаспадарка робіцца неканкурэнтаздольнай. Нездарма ж улады кажуць пра ўвядзеньне падатку ў 100 даляраў на тых беларусаў, хто выяжджае за мяжу.

Бо многія ехалі, каб найперш набыць харчы. Мы ж ведаем, што ў Польшчы цэны на прадукты харчаваньня ніжэйшыя, а часьцяком і значна ніжэйшыя, чым у нас.

Вось сапраўдная цана нашай аграрнай палітыкі, якая адлюстроўваецца ў лічбах афіцыйнай статыстыкі за 9 месяцаў 2013 году».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?