Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад спартыўных чыноўнікаў да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў маі 2014 года, стварыць каманду, у якую будуць адабраныя найлепшыя гульцы.

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 15 кастрычніка на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення чэмпіянату, паведамляе прэс-служба прэзідэнта, 

Як адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін, з чэрвеня нацыянальнай камандай кіруе канадскі спецыяліст Глен Хэнлан, яго памочнікамі з'яўляюцца беларускія трэнеры Эдуард Занкавец і Алег Мікульчык. 

Паводле слоў чыноўніка, трэнерскім штабам распрацаваны план падрыхтоўкі спартсменаў, сфарміраваны пашыраны склад з 45 хакеістаў: 4 з іх гуляюць у паўночнаамерыканскай хакейнай лізе, 28 — у Кантынентальнай хакейнай лізе, у тым ліку 16 — у мінскім «Дынама», 4 — у Вышэйшай лізе Расіі, 9 з'яўляюцца дэбютантамі. 

Ворсін падкрэсліў, што ўсе спартсмены поўныя рашучасці выступіць за нацыянальную каманду. Паводле яго слоў, за 6 месяцаў будуць праведзены чатыры этапы вучэбна-трэніровачных збораў. «Галоўная задача гэтага этапу — мабілізаваць калектыў, выкарыстоўваць усе тэхніка-тактычныя напрацоўкі, якія мы сёння маем, згуртаваць калектыў», — сказаў ён.

Як адзначыў Ворсін, і трэнерскі штаб, і федэрацыя хакея лічаць, што задача выхаду каманды ў чвэрцьфінал чэмпіянату цяжкая, але яе рэальна выканаць. Ён таксама дадаў, што вырашаны ўсе арганізацыйныя, фінансавыя пытанні, каб нацыянальная каманда паспяхова выступіла на чэмпіянаце. 

Даючы ацэнку цяперашняму выступленню беларускага клуба ў Кантынентальнай хакейнай лізе, Лукашэнка заявіў:

«Нам патрэбна гульня, а не боўтанне па хвалях: там выйгралі, там прайгралі, там крылы апусцілі. Немагчыма глядзець часам на некаторыя гульні! Таму працуйце з камандай: не толькі з трэнерамі, але і гульцамі». 

Лукашэнка таксама папярэдзіў спартыўных чыноўнікаў адносна арганізацыі працы беларускіх хакейных клубаў у цэлым: «Трэба наводзіць парадак! Грошы павінны ісці тым, хто непасрэдна дае карысць, хто змагаецца, хто скача, хто бегае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?