Аляксандр Лукашэнка вельмі незадаволены тым, што тэрміны здачы спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна» зацягваюцца.

Пра гэта ён заявіў старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку 15 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. 

Паводле слоў Ладуцькі, да 7 лістапада будзе ўведзены першы пускавы комплекс, а ў поўным аб'ёме «Чыжоўка-Арэна» будзе здадзена ў эксплуатацыю да 15 снежня.

Паводле яго слоў, усе асноўныя работы выкананы, завяршаецца аздабленне фасадаў. З 9 лістапада наведвальнікі змогуць карыстацца паслугамі пракату канькоў і ледзяной пляцоўкі на малой арэне, а таксама шматфункцыянальнай залы. 

«Вы мне тройчы абяцалі здаць аб'ект да 7 лістапада і не выканалі ўласныя абяцанні! — заявіў у адказ Лукашэнка. — Мы ж ужо пераносілі тэрміны! І выдумалі нейкія пускавыя комплексы!

Гэта ваша права: вы можаце пускаць па трох, па пяці комплексах, але да 7 лістапада будаўнікі павінны адтуль пайсці». 

Як паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін, падчас інспекцыйнага візіту ў жніўні прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі хакея былі ўзгодненыя ўсе тэхнічныя патрабаванні па правядзенні матчаў чэмпіянату. Паводле меркавання замежных экспертаў, «Мінск-Арэна» адпавядае самым высокім міжнародным стандартам. 

Паводле яго слоў, праца ўсіх службаў і тэхналагічнага абсталявання «Чыжоўка-Арэны» будзе пратэставана падчас Каляднага хакейнага турніру на прыз прэзідэнта і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прыз кіраўніка дзяржавы. Турніры пройдуць ва ўмовах, набліжаных да чэмпіянату свету, адзначыў чыноўнік. 

Таксама Лукашэнка пацікавіўся, як вырашаецца пытанне з арганізацыяй парковачных месцаў. Ён звярнуў увагу на тое, што пад паркоўкі часова неабходна прыстасоўваць любыя свабодныя плошчы ў месцах правядзення гульняў. «А будаваць дадаткова нейкія месцы, якія потым нам не патрэбныя будуць, — мы не настолькі багатыя, — сказаў ён. — Трэба быць больш мабільнымі ў гэтай сітуацыі». 

Ладуцька запэўніў, што пытанне з паркоўкамі вырашаецца, паведамляе прэс-служба. 

Акрамя таго Лукашэнка звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на арганізацыю рэкламнай кампаніі. Паводле яго меркавання, да гэтага працэсу неабходна прыцягваць тых спецыялістаў і тыя кампаніі, якія прынясуць найбольшы эфект. 

«Не бачу ніякіх праблем з падрыхтоўкай да чэмпіянату свету. І нават з размяшчэннем гасцей. Думаю, прыватнікі ахвотна падключацца і захочуць на гэтым зарабіць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Галоўнае — бяспека. Трэба, каб быў парадак. І гэта не значыць, што мы павінны хапаць усіх і кудысьці несці, везці, — сказаў Лукашэнка.

— Мы гасцінныя людзі. Трэба з душой і па-чалавечы падысці да тых людзей, якія прыедуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?