Вонкава вуліца Сталінская мала адрозніваецца ад іншых

Вонкава вуліца Сталінская мала адрозніваецца ад іншых

Прапіска на Сталінскай

Прапіска на Сталінскай

Тамара Іванаўна перайменоўваць вуліцу не хоча.

Тамара Іванаўна перайменоўваць вуліцу не хоча.

«Бог з ім. Ну чым ён благі чалавек быў? Нічым! Сталін быў, усё было таннае. А цяпер, як стаў гэты…

Ой, добра жылі мы пры Сталіне. Хлеб — 14 капеек была булачка.

Пойдзеш, рубель аддасі, сем булак хлеба прынясеш, усіх накорміш», — Тамара Іванаўна сустракае нас ля брамы сваёй хаты і адразу кідаецца ва ўспаміны.

На вуліцы Сталінскай яна жыве больш за трыццаць гадоў. Увесь гэты час прапрацавала даяркай на ферме. Чаму яе вуліца носіць імя «бацькі народаў» і з чаго гэта пачалося, Тамара не ведае. Але пераймяноўваць вуліцу не хоча. Прыносіць нам з дому кіпу дакументаў і хваліцца штампам аб прапісцы ў пашпарце, дзе курсівам па-беларуску акуратна напісана – вул. Сталінская.

Пра незвычайную прапіску расказвае і мясцовы стараста Міхаіл Маліноўскі.

Маўляў, ва ўсіх установах здзіўляюцца, калі бачаць яго пашпарт: «Няўжо недзе яшчэ ёсць такое?». У сельсавеце нам кажуць, што лепш за старасту пра вуліцу«Сталінскую» тут ніхто не раскажа. Але і ён ведае не так шмат. Гаворыць, што «сталінскі» тапонім тут быў заўсёды.

«Пасёлак быў «Сталінскі». Паміж людзей так называлі. А потым пачалі нумерацыю дамоў праводзіць. Ну і вуліцы назвалі. Адну «Цэнтральная», другую, дзе віцебскія жылі, назвалі «Віцебская». А гэтая так і засталася Сталінская».

Хоць магла і змяніць назву, гадоў дзесяць таму ўлады прапанавалі сялянам назваць яе Садовай. Але сустрэліся з супрацівам. Людзі прывыклі да старой назвы і мяняць нічога не захацелі. Спадар Міхаіл кажа, што Сталін яму не сніцца, хоць па ім асабліва і не плакаў.

«Не сніўся ён мне, нармальна я спаў. Я сам з 1943 года, а ён у 1953-м памёр. Пры Сталіне я няшмат пражыў. Памятаю, як людзі па ім плакалі. Настаўнікі асабліва. І яўрэі чамусьці яго моцна любілі. Адна тут яўрэйка суткі слязамі залівалася па Сталіне».

Пры гэтым мясцовы стараста ведае пра рэпрэсіі.

«Я сам не адсюль, з іншай вёскі. Але і тут былі рэпрэсаваныя, хто не вярнуўся… Як жа. Усякага было.

А што я думаю пра Сталіна? Скажу вам, як і ўсе нармальныя людзі – адназначнага адказу няма. Што пра яго можна думаць?… Сваю ролю ён адыграў».

Стараста часам чытае незалежную прэсу, а на апошніх выбарах галасаваў зусім не за Лукашэнку.

Міхаіл Маліноўскі гаворыць, што старое варушыць цяпер няма ніякага сэнсу. Што было — тое было. Часы Сталіна прайшлі, а назва вуліцы цяпер можа хіба што пацешыць, і не больш.

Мы з’язджаем назад у Мінск, сфатаграфаваўшыся на памяць на такой незвычайнай нават для сучаснай Беларусі вуліцы — Сталінскай. Нам услед брэшуць сабакі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?