Дэмакратычная апазыцыя падсумавала свае пляны на восень: два маршы, агульнанацыянальныя пікетаваньні і зварот да дэпутатаў.

Сёньня ў Менску прайшла чарговая прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў пратэставых акцыяў, прымеркаваных на восень.

Журналістаў склікалі найперш для таго, каб заявіць: гэта будуць не асобныя ўсплёскі пратэсту, а скаардынаваная палітычная кампанія. Дэмакратычная апазыцыя спадзяецца, што да яе далучацца новыя групы, якія раней не былі актыўнымі ўдзельнікамі палітычных пратэстаў. Асабліва часта ў зьвязку з гэтым узгадваліся чарнобыльцы ды прадпрымальнікі.

Значная частка мерапрыемстваў восеньскай кампаніі маюць падкрэсьлены сацыяльна‑эканамічны характар. Першая акцыя адбудзецца 30 верасьня. У гэты дзень у больш чым шасьцідзесяці гарадах і мястэчках па ўсёй краіне пройдуць каля 450 пікетаў — прынамсі, столькі заявак на пікетаваньне ўжо было пададзена ў адпаведныя выканкамы. Афіцыйных адказаў пакуль што не атрымаў ніхто. Зрэшты, арганізатары ня дужа спадзяюцца на тое, што ўлада пойдзе ім насустрач.

Паводле некаторых зьвестак, гэтым разам выканкамам была дадзеная ўстаноўка на тое, каб яны пісалі адмовы не пад капірку, а выяўлялі вынаходлівасьць. На думку Анатоля Лябедзькі, ніякі закон не забараняе чалавеку раздаць у двары свайго дому 299 асобнікаў друкаванай прадукцыі, таму пікеты адбудуцца ў любым выпадку. Дый такая колькасьць хоць і невялікіх, але адначасовых пратэстных акцыяў мае стацца сапраўдным выпрабаваньнем для міліцыі ды АМОНу — толькі на Меншчыне было пададзена 102 заяўкі на пікеты.

Наступны этап восеньскай кампаніі — 2 кастрычніка, дзень адкрыцьця чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Перад пачаткам працы дэпутаты атрымаюць адмысловы зварот насельніцтва, у якім будзе дадзеная ацэнка іх заканатворчай дзейнасьці ў сацыяльнай сфэры. Збор подпісаў пад зваротам ужо распачаўся.

Заключным акордам восеньскіх сацыяльных пратэстаў будзе Сацыяльны марш, прызначаны на 4 лістапада. Паводле камуніста Валера Ухналёва, старшыні аргкамітэту Сацыяльнага маршу, сёньня была пададзеная заяўка на яго правядзеньне. Хутчэй за ўсё, улады будуць максымальна цягнуць з адказам.

Віктар Івашкевіч, старшыня аргкамітэту прызначанага на 14 кастрычніка Эўрапейскага маршу, падкрэсьліў, што ў Беларусі няма ніводнай палітычнай сілы, якая б выступіла супраць правядзеньня Эўрапейскага маршу: «Нават праўрадавыя маўчаць». На прэсавай канфэрэнцыі не было Аляксандра Мілінкевіча, аднак Віктар Івашкевіч заклікаў не рабіць з гэтага пасьпешлівых высноваў — Мілінкевіч знаходзіцца ў паездках па рэгіёнах, і цалкам падтрымлівае ідэю Эўрапейскага шляху. На пытаньне, ці будуць арганізатары маршу нейкім чынам спрыяць прыезду актывістаў з рэгіёнаў, Віктар Івашкевіч адказаў: «Кожны сам будзе шукаць шляхоў, як дабрацца». Гэта найлепшы спосаб, лічыць ён.

«Эўрапейскі марш, Сацыяльны марш і кампанія за свабодныя выбары — гэта тры складнікі падрыхтоўкі выбарчай кампаніі», — заявіў Анатоль Лябедзька, маючы на ўвазе выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ў 2008 г.

Вінцук Вячорка спрагназаваў налета абвастрэньне сітуацыі ў краіне, найперш з‑за высьпяваючага эканамічнага крызісу. Сакавік‑2008 будзе гарачым — на яго прыпадае 90‑ая гадавіна абвяшчэньня БНР.

Што да ўладаў, дык тыя пакуль што не зьбіраюцца сядаць за стол перамоваў з дэмакратычнай апазыцыяй адносна правядзеньня Эўрапейскага маршу. Прынамсі, ад Натальлі Пяткевіч адказу няма дагэтуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?