Ці прачыталі вы апошнім часам нешта з сучаснай літаратуры, што маглі б назваць шэдэўрам? Я — прачытаў. Гэтае нешта, на жаль, не зь беларускай літаратуры, якая апошнім часам, як мне падаецца, шэдэўрамі нас не расьпешчвае. Калі памыляюся, выпраўце... Піша Ян Максімюк.

Аўтар, пра якога мне сёньня хочацца напісаць, паходзіць з Нарвэгіі і завецца Хеціль Б’ёрнстад (Ketil Bjørnstad). Самае нечаканае для мяне было тое, што як літаратар, Хеціль Б’ёрнстад мне адкрыўся ўсяго год-два таму, а да таго часу гадоў 10 я ведаў яго выключна як выдатнага музыку, аднаго з самых вядомых эўрапейскіх джазавых піяністаў, як зорку першай велічыні славутай мюнхэнскай фірмы гуказапісу ECM.

Б’ёрнстад, які атрымаў салідную музычную адукацыю як клясычны піяніст у Осла ў другой палове 1960-х, у пачатку 1970-х паслухаў запіс Майлса Дэйвіса «In a Silent Way» і зразумеў, што яму наканавана стаць джазавым піяністам і кампазытарам.

Было гэта нялёгкае рашэньне, паколькі ўсе прадказвалі маладому музыку бліскучую міжнародную кар’еру клясычнага піяніста — як сьпелы піяніст Б’ёрнстад дэбютаваў пад ухвальныя галасы крытыкі ў свае 16 гадоў выкананьнем ІІІ канцэрту Бэлы Бартака.

У мяне цяпер каля 30 дыскаў з запісамі музыкі Хеціля Б’ёрнстада. На сваім шляху гэты музыкант, якому летась споўнілася 60 гадоў, запісаў больш за 50 альбомаў з клясычнай і джазавай музыкай як піяніст і як акампаніятар песьняў, жанр якіх цяжка вызначыць сходу (у залежнасьці ад вашага настрою, яны могуць вам падацца опэрнымі арыямі, нейкім арт-фолк-попам або рафінаваным джазам).

Гэта знакамітая музыка, у якой строгая клясычная інтанацыя свабодна і завабліва спалучаецца з жарснай схільнасьцю кампазытара-выканаўцы да імправізацыі. А вось тое, што Б’ёрнстад яшчэ вядомы як эўрапейскага фармату пісьменьнік, дайшло да мяне усяго некалькі гадоў таму ў Бэрліне, калі я заглянуў у адну з тамтэйшых буйных кнігарняў і на паліцах убачыў пераклады ягоных раманаў.

Соль была ў тым, што тая паліца, на якой стаялі нямецкамоўныя выданьні кнігаў Б’ёрнстада, была падпісаная ягоным імем і прозьвішчам: Ketil Bjørnstad.

Такі подпіс, зразумела, сьведчыць аб статусе пісьменьніка ў літаратурным і выдавецкім сьвеце — у буйной эўрапейскай кнігарні, у якой прадаюць кніжкі некалькіх дзясяткаў тысяч аўтараў, свае «пэрсанальныя паліцы» маюць толькі выбраныя з выбраных, наогул клясыкі, а з сучасных толькі тыя, якія дабіліся не абы якога міжнароднага прызнаньня. Карацей, усяго некалькі сотняў подпісаў на кніжных паліцах...

У Нарвэгіі Б’ёрнстад-пісьменьнік вядомы як аўтар звыш 40 раманаў, зборнікаў паэзіі ды біяграфій славутых нарвэжцаў.

У Эўропе яго ведаюць перш за ўсё як аўтара трылёгіі пра маладога піяніста Аксэля Віндынга (Aksel Vinding-Trilogien): «Прысьвячаецца музыцы» (Til musikken, 2004), «Рака» (Elven, 2007) і «Дама з даліны» (Damen i dalen, 2009).

Вось гэтую кнігу (то бок тры кнігі, аб’ёмам звыш 1200 старонак) я хацеў бы ўсім горача парэкамэндаваць. Гэта якраз шэдэўр сучаснай літаратуры, пра які я згадаў на пачатку. Дзеля яе прачытаньня варта, прыкладам, вывучыць нарвэскую мову, кажу гэта з уласнага досьведу.

Але — ня ўсім абавязкова вывучаць. Цяпер даступны і расейскі пераклад гэтай трылёгіі. Ну, самі знойдзеце, дзе... Кніга напісаная вельмі празрыстай мовай і стылем, які адзін з рэцэнзэнтаў назваў «ледавіта прыгожым».

Кажучы па-нашаму, няма там звычайнага для славянскіх літаратураў сэнтымэнтальна-сьлязьлівага калупаньня ў пачуцьцёвых вантробах і пячонках галоўнага героя... А што ёсьць? Ёсьць рацыянальна ўзважаны аповед пра маладога мастака, адоранага геніяльнасьцю і нейкай інцэстуальна-мазахісцкай цягай да жанчын з адной сям’і.

Спачатку Аксэль закахаўся ў піяністку Аню, якая разам зь ім і элітнай групай піяністаў-пачаткоўцаў рыхтуецца да конкурсу, які акрэсьліць усю далейшую будучыню маладых музыкаў. Аня не вытрымлівае стрэсу, перастае есьці і памірае ад анарэксіі.

Ейны бацька разносіць сабе чэрап стрэлам з дубальтоўкі. Аксэль пераносіць свае пачуцьці на Аніну маці, Марыяну, асобу старэйшую за яго гадоў на сямнаццаць. Марыяна аказваецца асобай няўстойлівай псыхічна і засільваецца пасьля таго, як Аксэль, пабраўшыся зь ёю шлюбам, бліскуча выйграе конкурс для маладых піяністаў.

Аксэль спрабуе ўтапіцца і трапляе на нейкі час у псыхіятрычную клініку. А потым, замест таго, каб падпісаць кантракт на выступы ў самых прэстыжных канцэртных залях Эўропы, ён пакідае сталіцу і едзе за палярнае кола, каб там сустрэць замужнюю сястру Марыяны, Сігрун, зь якой таксама ўваходзіць у інтэнсіўныя эратычна-пачуцьцёвыя зносіны.

Там яго ледзь не забіваюць за гэта, і ён вяртаецца ў Осла з пачуцьцём, што шчасьце ў жыцьці магчымае толькі ў любові да свайго пакліканьня, то бок да музыкі...

Усё гэта ў такім згушчаным пераказе гучыць, прызнаюся, як нейкая галівудзкая хрэнацень ня першага гатунку з фрэйдысцкімі падтэкстамі, але трылёгія Б’ёрнстада — гэта не апісаньне маляўнічых сэксуальных позаў у розных інтэр’ерах і краявідах Нарвэгіі, а паказ высьпяваньня адоранага мастака, чалавека, якому Бог даў талент, а ягоныя зямныя бацькі перадалі ў генах пратэстанцкую схільнасьць да працы і нежаданьне расчульвацца над сваім лёсам...

За 40 гадоў творчага жыцьця Хеціль Б’ёрнстад выдаў, як я ўжо казаў, звыш 50 музычных альбомаў і звыш 40 кнігаў, якія ўчынілі яго тым, кім ён зьяўляецца сёньня — унікальным эўрапейскім мастаком, які дасягнуў вяршыняў як у музыцы, так і ў літаратуры. Самі разумееце, што такому чалавеку ёсьць што сказаць пра шлях да такіх вяршыняў.

Выданьню трылёгіі пра Аксэля Віндынга спадарожнічала выданьне Б’ёрнстадам падвойнага альбому з музыкай, якая шчыльна пераплятаецца з раманным лёсам ягонага героя.

На адным дыску сабраныя кампазыцыі-імправізацыі Б’ёрнстада-Віндынга, якія ўзьніклі ў працэсе працы над раманнай сэрыяй, на другім — выкананьні фрагмэнтаў клясычных твораў Рахманінава, Шапэна ці Дэбюсі, якія згадваюцца ў трылёгіі і маюць вялікі ўплыў на высьпяваньне маладога мастака Аксэля. Гэта, так бы мовіць, сучасны сынтэз «музычнага раману» — і слова, і музыка...

Томас Ман мог напісаць свой славуты раман «Доктар Фаўстус» пра геніяльнага кампазытара, але ня мог напісаць музыкі за гэтага кампазытара. А Б’ёрнстад зрабіў і адно, і другое. І я не вагаюся паставіць трылёгію нарвэскага пісьменьніка-піяніста ўпоравень са згаданым раманам славутага нямецкага клясыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?