18 кастрычніка падчас наведвання Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка ў ліку іншых пытанняў развіцця аграпрамысловага комплексу закрануў таксама сітуацыю з вытворчасцю мармуровага мяса. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта. 

Як паведаміў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, гэту тэхналогію асвоілі восем камбінатаў. Цяпер робіцца ўсё магчымае, каб паменшыць расходы на яго вытворчасць. Сёння максімальна выкарыстоўваюцца магчымасці вольнай пашы жывёлы, аднак з-за ўмоў надвор'я практычна паўгода жывёлу неабходна трымаць у стойле. 

Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў, што ўсе абяцанні, якія яны яму давалі, павінны быць абавязкова выкананыя.

«Хопіць ужо абяцаць. Мяне цікавіць вынік. Паабяцаў — рабі. Я ж не буду кідацца па ўсёй краіне і за вас тут працаваць!», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў пра даручэнне па будаўніцтве і рэканструкцыі ў краіне 1.200 ферм. Як было паведамлена кіраўніку дзяржавы, сёлета будзе канчаткова здадзена ў эксплуатацыю 1 тыс. ферм, не выконваюць даручэнне прэзідэнта Віцебская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці. Аляксандр Лукашэнка жорстка папярэдзіў чыноўнікаў пра адказнасць за хлусню. 

«Некаторыя думаюць: а, буду чакаць, пакуль яшчэ хтосьці грошы прынясе, укладзе ў рэканструкцыю ферм. А мне прывезлі ўчора фатаграфіі з некаторых старых ферм. Слухайце — гэта ж каменны век!

Дык што вы мне палацы гэтыя цяпер паказваеце, а што з тымі фермамі? Там жа таксама трэба прыкласціся», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Не рэалізуеце праграму — адкажаце галавой», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да членаў урада.

Ён таксама даручыў першаму намесніку старшыні КДК Леаніду Анфімаву і намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыю Іванову кантраляваць выкананне як у цэлым праграмы, так і па кожным аб'екце, што было вызначана і што зроблена. «Каб я не слухаў казкі і не хадзіў па музеях, якія мне падрыхтавалі да наведвання», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Тураўшчыну загубіць не можам! Тут жа да 100 балаў зямля ёсць. Гэта ў свеце рэдкасць! І мы дамовіліся, што гэта будзе не толькі агарод — гэта будзе ўзорна-паказальная тэрыторыя», — падкрэсліў Лукашэнка. «Гэта павінен быць маяк не сённяшняга, а наступнага дня», — дадаў ён. 

Лукашэнка жорстка папярэдзіў чыноўнікаў і кіраўнікоў пра адказнасць за невяртанне крэдытаў.

«Ніякай дапамогі ў гэтым плане не будзе! Пазычыў грошы — калі ласка, у тэрміны і вярні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нават не разлічвайце, што хтосьці цяпер дасць адтэрміноўку, растэрміноўку па крэдытах. Грошы трэба вяртаць». 

«Атрымалася ў цябе мармуровае мяса, не атрымалася — лаві дзікіх качак, прадавай і вяртай грошы. Хочаш ад турызму — давай ад турызму, ад прыватнага бізнесу — чаго заўгодна, але грошы трэба аддаць», — падкрэсліў ён. 

Як адзначыў старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», Гомельская вобласць у гэтым плане выконвае ўсе абавязацельствы. 

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў некаторых «ёсць такія паводзіны: пачакаю, можа, дзесьці штосьці знімуць, дапамогуць і г.д.». «Ні ў якім разе нікому не даруй па грошах», — сказаў ён, звяртаючыся да Сяргея Румаса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?