Нямногіх могуць пакінуць абыякавымі беларускія «Калыханкі» — журы 17‑ага Маскоўскага Міжнароднага Фэстывалю Рэклямы Red Apple ня стала выключэньнем. Праца Юліі Ляшкевіч ды Юліі Галавіной да альбому Зьмітра Вайцюшкевіча «Калыханкі» апынулася лепшай у намінацыі «Этыкеткі і ўпакоўка», катэгорыя «Прамысловыя тавары, аудыё, відэа‑вытворчасьць». Пераможцы фэсту ў інтэрвію ТГ:

«Мы атрымалі вельмі цяжкі бюсьцік — галава‑яблык і плечыкі. Будзем піліць!»

КалыханкіФэстываль рэклямы ў Маскве проходзіў у межах Сусьветнага Рэклямнага Форуму «Advertising for Future — Future for Advertising» — «Рэкляма для будучыні — будучыня для рэклямы». Юля Галавіна займалася аздабленьнем вокладкі для «Калыханак». Менавіта ейныя котка, сьпяваючая калыханку сваім дзеткам у ложку, і рыжы кот, што зацікаўлена прыслухоўваецца з‑за дзьвярэй, былі названы самымі прыгожымі й душэўнымі.

«Фэстывалі рэклямы — заўжды магчымасьць выдатна правесьці час, — адзначае Юля. — Пабываць на выставах, паглядзець на чужыя працы, прыняць удзел у майстар‑клясах. Там заўжды шмат цікавых людзей».

Два гады таму Юля і сама пабывала ў складзе журы гэтага фэстывалю, таму добра ведае ўсю яго «кухню»:

«Сымбаль фэсту — чырвоны яблык. Раней пераможцы атрымоўвалі цэлы яблык з мэталу, зроблены «пад золата«. У мінулым годзе — палову. А сёлета невялікі, але вельмі цяжкі бюсьцік — галава‑яблык і плечыкі».

На пытаньне, як яны зь Юляй Ляшкевіч зьбіраюцца падзяліць узнагароду, дызайнэрка засьмяялася:

«Будзем піліць! А пакуль яблык пераходзіць з рук у рукі».

Нагадаем, што кружэлка з калыханкамі і цэлым шэрагам прыемных да яе бонусаў была створаная і выдадзеная адмыслова да сьвяткаваньня 60‑годзьдзя Дзіцячага Фонду ААН UNICEF. Калыханкі напісаў Зьміцер Вайцюшкевіч у супрацы зь лепшымі беларускімі паэтамі. Дыск некамэрцыйны і распаўсюджваецца выключна ў якасьці падарунка для дзетак. Спампаваць калыханкі можна на афіцыйным сайце Вайцюшкевіча www.todar.net.

Кася Сарокіна, Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0