Падчас свайго «найбліжэйшага візіту ў Азербайджан» Аляксандр Лукашэнка мае намер абмеркаваць з прэзідэнтам гэтай краіны Ільхамам Аліевым шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.

Пра гэта беларускі кіраўнік паведаміў 21 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД.

Лукашэнка нагадаў, што з многімі лідарамі краін СНД у яго ўстанавілася добрая традыцыя штогод сустракацца і кантраляваць выкананне раней дасягнутых дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні. Гэта падштурхоўвае да працы выканаўцаў, а ў выніку дыскусій на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў з'яўляюцца новыя кірункі супрацоўніцтва, мяркуе ён. 

Што тычыцца адносінаў Беларусі і Азербайджана, то ў іх, паводле слоў Лукашэнкі, няма закрытых тэм. 

Ён папрасіў перадаць Ільхаму Аліеву віншаванні з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. «Я яго чакаю ў Мінску. Мы з ім паразмаўляем пра некаторыя праблемныя пытанні, і гэта будзе нейкая папярэдняя размова напярэдадні майго візіту ў Азербайджан», — сказаў Лукашэнка. 

«Мы будзем весці дыялог, калі я прыеду ў Баку, па ўсіх кірунках: ад ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва да пытанняў энергетыкі», — дадаў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?