Маці жорстка забітай Наталлі Емяльянчыкавай лічыць несправядлівым рашэнне Вярхоўнага суда ў дачыненні да забойцы яе дачкі. 

Нагадаем, 22 кастрычніка Вярхоўны суд адмяніў прысуд Гомельскага аблсуда (выключную меру пакарання — расстрэл) і накіраваў справу на новы судовы разбор у суд першай інстанцыі. 

«Ён, забойца, дагэтуль жа не ўсвядоміў, што ён зрабіў, не раскаяўся! Нават на судзе заяўляў, што гэта не жорсткае забойства — 102 нажавыя раненні.

Для яго гэтыя 102 нажавыя як выйшаў пагуляць. Я лічу, што прыгавор аб смяротнай кары трэба было пакінуць у сіле — каб больш ад яго ніхто не пацярпеў, і каб такім, як ён, непанадна было», — пракаментавала Ірына Емяльянчыкава. 

Яна дадала, што маці абвінавачванага тэлефанавала ёй і зневажала. «Тэлефанавала мне і крычала ў трубку: «Забойцы, фашысты!»

Гэта замест таго, каб хаця б даравання папрасіць за свайго сына. Я сказала аб гэтым участковаму — пакуль званкі спыніліся», — патлумачыла маці забітай дзяўчыны. 

Яна таксама пасля кансультацый з юрыстам мае намер ажыццявіць пэўныя дзеянні, каб прыгавор застаўся без змяненняў. 

Нагадаем, вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Наталлі Емяльянчыкавай абласным судом быў прызнаны 25-гадовы жыхар Гомеля Аляксандр Груноў.

Забойства студэнткі малады чалавек учыніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнула смерць: ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці. 

Па выніках псіхіятрычнай экспертызы малады чалавек прызнаны адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выяўлена. Аднак ён хварэе на змяшанае расстройства асобы. 

Трагедыя адбылася ў ноч з 19 на 20 верасня 2012 года. Каля поўначы Наталля Емяльянчыкава вярталася дамоў, каля пад'езда на яе з нажом напаў мужчына. Пацярпелая памерла ад масіўнай кровастраты, ёй былі нанесеныя 102 нажавыя раны. 

У судзе абвінавачваны віну прызнаў поўнасцю. Ён расказаў, што ў чэрвені—ліпені 2012 года знаходзіўся з Емяльянчыкавай у адной кампаніі, і яна зняважыла яго. 19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, і выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад яе дома, пабег праз двары. Ён дачакаўся дзяўчыну каля пад'езда, а затым накінуўся на яе з нажом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?