Да 1 лістапада валанцёрам Полацкага дабрачыннага грамадскага аб'яднання абароны жывёл «Сябар» трэба вызваліць памяшканне часовага гадавальніка ў мікрараёне Баравуха-2, дзе жывуць знойдзеныя на вуліцы сабакі і шчанюкі, піша «Салідарнасць».

Частка жывёл, якіх прытулак змясціць не можа, знаходзяцца на ператрымцы ў валанцёраў.

«Натуральна, падзець іх зусім няма куды, а час ідзе ўжо не на дні, а на секунды», — адзначае старшыня ДГААЖ «Сябар» Наталля Плігаўка. —

«Мы прапануем гарадскім уладам заняцца праблемай безнаглядных жывёл сваімі сіламі, што мы і робім на працягу апошніх трох гадоў. Для гэтага толькі просім перадаць нам у бязвыплатную арэнду памяшканне для размяшчэння сталага прытулку».

Актывісты грамадскай арганізацыі практычна вырашылі праблему з бадзяжнымі жывёламі ў Наваполацку.

Яны арандуюць транспарт у спецаўтабазы, знаходзяць і адлоўліваюць бадзяжных сабак, лечаць іх, стэрылізуюць і перадаюць тым, хто жадае мець хатняга гадаванца. «У месяц мы аддаём каля ста жывёл.

Вяртанняў амаль няма, таму што мы вельмі адказна падыходзім да выбару сем'яў для нашых гадаванцаў. У нас ёсць ахвяраванні, аказваць дапамогу гатовыя і спонсары.

Але гарадскія ўлады, замест таго каб выдзеліць нам памяшканне пад прытулак, вырашылі арганізаваць у гэтым будынку скуралупню, — распавяла «Салідарнасці» Наталля Плігаўка.

Патрэбны будынак знайшоўся яшчэ ў мінулым годзе, да аб'яднання гарвыканкама і райвыканкама ў Полацку. «Пасля высветлілася, што той будынак аддалі камерцыйнай структуры пад рытуальныя паслугі пры могілках. І так увесь год.

Тыя варыянты, якія мы знаходзілі, або тут жа выстаўляліся на аўкцыёны, ці нам проста казалі — не. Такім чынам, за год адпала восем варыянтаў размяшчэння прытулку.

І вось, нарэшце, мы знайшлі ў мікрараёне Баравуха-2 адпаведны нашым патрэбам гаспадарчы будынак, абнесены агароджай, які далёка стаіць ад населеных пунктаў.

З нашай колькасцю валанцёраў (больш за сто чалавек) мы маглі б забраць ўсіх жывёл у горадзе і размясціць іх у гэтым прытулку, не звяртаючыся па дапамогу да дзяржавы, не трацячы сродкі ў «Год беражлівасці».

Але Полацкая ЖКГ вырашыла, што гэты будынак ідэальна падыходзіць для скуралупні. Зараз там робяць клеці для сабак, у якіх іх будуць утрымліваць пяць дзён перад тым, як забіць, — расказваюць валанцёры.

Ініцыятыва неабыякавых палачан магла б зняць з гарадскіх уладаў велізарную абузу і зэканоміць сродкі з бюджэту, якія немінуча будуць расходавацца на спецтранспарт, зарплаты і ўтрыманне скуралупні.

З прапановай перадаць будынак для прытулку 23 кастрычніка актывісты звярнуліся да старшыні полацкага райвыканкама Аляксандру Шаўчука.

«Шаўчук ў адпачынку і нас прымаў яго намеснік Аляксандр Міхалевіч, дырэктар полацкай ЖКГ Андрэй Сідзюк і начальнік аддзела ЖКГ полацкага райвыканкама Наталля Палякова, — распавядае Наталля Плігаўка. —

Нам адразу адмовілі ў катэгарычнай форме, выказалі незадаволенасць тым, што мы наогул паднялі гэтую тэму ў СМІ і «баламуцім грамадскасць», збіраючы подпісы за стварэнне прытулку.

Аргументы нашы выслухалі, але ніякага канструктыву не прапанавалі. У кантэксце размовы некалькі разоў прагучала фраза, што рашэнне даўно прынятае.

Абаронцы жывёл не збіраюцца ставіць кропку і рыхтуюць зварот да кіраўніка Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца.

Пра тое, што жыхары рэгіёну да праблемы неабыякавыя, сведчыць той факт, што ўсяго за некалькі дзён, анлайн-петыцыя ДГААЖ «Сябар» сабрала больш за 2,5 тысячы подпісаў.

«Мы просім перадаць памяшканне і тэрыторыю будучай скуралупні нам у бязвыплатную арэнду. Рамантуем памяшканне за свой кошт, ствараем два працоўныя месцы: ветурача і рабочага. Астатняе будуць рабіць нашы валанцёры.

Мы бярэм на сябе абавязак самастойна адлоўліваць і прымаць усіх бяздомных жывёл горада і Полацкага раёна. За час працы нашай ініцыятывы было выратавана і ўладкавана больш за 3000 жывёл.

У любым выпадку, мы настроены вырашыць гэтую праблему станоўча і ўсё роўна абаронім сваіх жывёл, не дамо іх у крыўду, — падсумавала суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?