1 лістапада ў Мінску распачнецца ХХ кінафестываль «Лістапад», асноўны конкурс якога сёлета атрымаўся надзвычай цікавым. «Наша Ніва» адабрала пяць фільмаў, якія варта наведаць.

«Параджанаў»

Украіна/Францыя/Грузія/Арменія

У аснове ўкраінска-французскай стужкі лёс сусветна знакамітага рэжысёра Сяргея Параджанава, чыя творчасць назаўжды змяніла савецкі кінематограф. Па сфабрыкаванай справе Параджанаў трапляе ў турму, але і там застаецца нязломным.

Фільм рэжысёраў Сержа Аведзікяна і Алены Фецісавай стаў адной з самых гучных прэм’ер 2013 года ва Украіне. Менавіта гэтую стужку Оскараўскі камітэт абраў для спаборніцтва за прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, пры гэтым па колькасці галасоў журы, «Параджанаў» абышоў нават апошні фільм Кіры Муратавай «Вечнае вяртанне».

«Географ глобус прапіў»

Расія

Фільм Аляксандра Велядзінскага «Географ глобус прапіў» з Канстанцінам Хабенскім у галоўнай ролі ўжо прайшоў на большасці усходнееўрапейскіх фестываляў і атрымаў выключна пазітыўныя водгукі ад кінакрытыкаў.

Гісторыя біёлага з Пярмі, які ідзе працаваць настаўнікам геаграфіі, у першую чаргу падкупае тым, што паказвае жыццё самага звычайнага настаўніка, які сябруе з вучнямі, мае канфлікт з дырэкцыяй, п’ес віно з сябрамі.

Што цікава, фільм не прэтэндуе на патэтыку, ці на пошук справядлівасці – гэта проста рэдкая для сённяшняга расейскага кіно жыццёвая гісторыя.

«Роля»

Беларусь/Расія/Фінляндыя/Германія

Беларусь сёлета на «Лістападзе» прадстаўляе фільм Канстанціна Лапушанскага «Роля» – гісторыя акцёра, які таемна перабіраецца з Фінляндыі ў СССР, каб сыграць сваю галоўную ролю: падмяніць нябожчыка чырвонага камандзіра.

Не зразумела, ці галоўны герой вар’ят, ці геній – што часам можа спалучацца. Канстанціна Лапушанскага калісьці параўноўвалі з Андрэем Таркоўскім, аднак вялікай зоркі з яго не атрымалася. Тым не менш, адзін з фільмаў, на якія дакладна варта ісці.

«Калі ў Бухарэсце наступае вечар, альбо Метабалізм»

Румынія/Францыя

Рэжысёр Карнэлій Парамбуйа ўжо паспеў засвяціцца ў Канах са сваім дэбютным фільмам, «Калі ў Бухарэсце…», трэцяя стужка рэжысёра, прысвечана закаханасці рэжысёра ў актрысу, па словам кінакрытыкаў нагадвае французскія іранічна-лірычныя гісторыі.

У рэшце рэшт, кінематограф Румыніі зараз не адстае ад астатняй Заходняй Еўропы.

«Вечнае вяртанне»

Украіна

Адказаць на пытанне, чаму варта ісці на гэты фільм, можна проста назваўшы імя прозвішча рэжысёра – Кіра Муратава.

Сюжэт фільма круцціца вакол старых знаёмых, двух аднакурснікаў.

Ён прыехаў у горад у камандзіроўку, прыйшоў да яе ў госці, падзяліўся сваёй праблемай (ён не можа абраць паміж жонкай і палюбоўніцай), не паразумеліся, ён бразнуў дзвярыма.

Але іншых знаёмых у яго ў горадзе няма. Таму давядзецца вяртацца. Для ўсіх аматараў фільмаў Муратавай абавязковая стужка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?