«Транснефць» разлічвае завяршыць рамонт на нафтаправодзе «Дружба» да канца 2013 года — пачатку 2014-га, абяцаючы пры гэтым не зніжаць значна пастаўкі нафты ў Беларусь.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Прайм са спасылкай на кіраўніка кампаніі Мікалая Токарава.

Паводле яго слоў, рамонтныя работы зараз працягваюцца, дзейная труба вельмі старая, на парадку дня стаіць пытанне замены прыкладна 700 км трубаправода. «Так проста такія аб'ёмы не робяцца, таму, вядома, работы будуць расцягнуты ў часе, але мы імкнемся не скарачаць моцна аб'ёмы (пастаўкі нафты ў Беларусь)», — сказаў ён.

Токараў не ўдакладніў, наколькі скароцяцца пастаўкі нафты ў Беларусь у кастрычніку. Пры гэтым ён заявіў: «Не настолькі адчувальна, каб нафтавікі на нас моцна крыўдзіліся».

Нагадаем, у канцы жніўня «Транснефць» паведаміла аб намеры скараціць з верасня пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тыс. тон у сувязі з рамонтнымі работамі на нафтаправодзе «Дружба». Меркавалася, што пастаўкі будуць скарочаны з 1,6 млн. да 1,37 млн. тон. 

Іншая расійская кампанія — «Раснефць», якая валодае Мазырскім НПЗ праз «Слаўнафту» (сумесны актыў з «Газпром нефцю») — папрасіла «Транснефць» не зніжаць пастаўкі на завод у сувязі з неабходнасцю выканання кантрактных абавязацельстваў. Кіраўнік «Раснефці» Ігар Сечын заявіў, што ўрон кампаніі ад зніжэння паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале можа скласці 3 млн. долараў у месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?