Расія згодная на паступовую ліквідацыю ўсіх выключэнняў з рэжыму гандлю Мытнага саюза, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі вечарам 24 кастрычніка ў Мінску паводле вынікаў пасяджэння Найвышэйшай еўразійскай эканамічнай рады. Ліквідацыя рэжыму выключэнняў найперш прывяло б да зніжэння цаны нафты для Беларусі -- і фактычнага росту расійскіх энергетычных субсідый.

«Кіраўнікі дзяржаў «тройкі» дамовіліся рухацца да таго, каб поўнасцю ліквідаваць дзейныя выключэнні і абмежаванні з агульнага рэжыму Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта значыць, што будуць знятыя ўсе астатнія бар'еры на шляху свабоднага абмену таварамі, паслугамі, капіталам, тэхналогіямі і працоўнай сілай», — сказаў Пуцін. Прэс-канферэнцыя лідараў Беларусі, Казахстана і Расіі транслявалася ў прамым эфіры на тэлеканале «Мір».

Асобна Пуцін пракаментаваў нафтавыя выключэнні, заклапочанасць адносна якіх раней выказвалі яго беларускі і казахстанскі калегі: «Мы разумеем, што для нашых партнёраў важна пазбавіцца ад вось гэтых выключэнняў, звязаных з нафтапрадуктамі і нафтай і гэтак далей. Мы гатовы. Для нас гэта страты бюджэту, але мы гатовы гэта зрабіць. Разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, выдаляючы тыя выключэнні, якія для іх, як яны лічаць, важныя». Пры гэтым расійскі прэзідэнт зазначыў, што гэта запатрабуе пэўнага часу.

«Казахстанскія партнёры прапанавалі формулу — да такога вось часу ўзгоднім тэрміны і рух па кірунку такіх выключэнняў. Мы пагадзіліся, мы мяркуем, што гэта разумны прафесійны падыход», — сказаў Пуцін.

Прэзідэнт Расіі закрануў і іншыя пытанні супрацоўніцтва. «У нас ёсць агульнае разуменне, што саюз павінен праводзіць збалансаваную макраэканамічную і бюджэтную палітыку. Мы плануем таксама больш цесна каардынавацца ў пытаннях занятасці і развіцця інфраструктуры, уключаючы стварэнне еўразійскіх транспартных і энергетычных сетак», — сказаў Пуцін.

Расійскі лідар паведаміў, што кіраўнікі дзяржаў ухвалілі мадэльны закон аб развіцці канкурэнцыі, скіраваны на збліжэнне прававога рэгулявання ў сферы канкурэнтнай палітыкі Беларусі, Казахстана і Расіі.

Апрача таго, Пуцін прывітаў цікавасць іншых краін да еўразійскай інтэграцыі: «Мы падтрымалі намеры Арменіі і Кыргызстана далучыцца да нашага інтэграцыйнага праекта, дамовіліся аб стварэнні рабочай групы, якой пастаўлена задача ў самы кароткі тэрмін падрыхтаваць адпаведную дарожную карту».

Нагадаем, сёння прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў паскардзіўся на наяўнасць бар'ераў для руху тавараў унутры Мытнага саюза. «Захоўваюцца цяжкасці ў доступе казахстанскай прадукцыі на рынкі паміж намі, выкарыстоўваюцца нетарыфныя тэхнічныя бар'еры, завышаны санітарныя і фітасанітарныя патрабаванні, меры па сертыфікацыі і ліцэнзаванні», — сказаў ён.

21 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД заявіў, што спадзяецца на зняцце ўсіх выключэнняў і абмежаванняў з 1 студзеня 2014 года.

«Калі дамовіліся, дык давайце ствараць рэальную адзіную эканоміку і знімем гэтыя выключэнні. Скажам, захацелі казахі прапампоўваць нафту ў Беларусь па агульных трубах — аднолькавы доступ. Хоча Казахстан пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь, Еўропу праз чыгуначныя дарогі Казахстана, Расіі, Беларусі — аднолькавыя ўмовы. А зараз у нас куча выключэнняў, вы гэта цудоўна разумееце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?