Кошт акрэдытацыі пазаштатных экскурсаводаў у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» можа скласці 20 млн. рублёў. Пра гэта 24 кастрычніка паведаміў дырэктар музея Сяргей Клімаў на пасяджэнні круглага стала ў межах ХХ Міжнароднай турысцкай выставы «Турбізнес-2013».

«Мы даем поўны пакет экскурсавода — вучым, даем тэхналагічную карту, праводзім некалькі экскурсій», — сказаў ён.

Як паведаміў дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін, Мінспорту плануе ўзгадніць распрацаванае музеем палажэнне аб акрэдытацыі пазаштатных супрацоўнікаў на працягу двух тыдняў. Паводле яго слоў, музей зможа акрэдытаваць не больш як пяць-сем пазаштатных экскурсаводаў.

Кармазін падкрэсліў, што неабходнасць у акрэдытацыі пазаштатных экскурсаводаў у Нясвіжы ўзнікла летась, калі замак адкрыўся пасля рэканструкцыі і пачаўся «масавы наплыў» наведвальнікаў. Паводле яго слоў, зараз у музеі ўзнікаюць канфлікты паміж кіраўнікамі турыстычных груп і адміністрацыяй замка, калі прыезджыя экскурсаводы праводзяць уласныя экскурсіі на тэрыторыі замка, хаця гэта могуць рабіць толькі акрэдытаваныя экскурсаводы.

Дырэктар музея-запаведніка ў сваю чаргу зазначыў, што праводзіцца «сур'ёзная праца» па захаванні замка і забеспячэнні «камфортнага і бяспечнага баўлення часу» наведвальнікаў. «Групы, якія прыязджаюць па запісу, стартуюць кожныя 15 хвілін. Як толькі непадрыхтаваны чалавек пачынае вадзіць людзей, узнікаюць заторы ў залах», — падкрэсліў Клімаў.

Згодна з нормамі бяспекі, у замку адначасова могуць знаходзіцца 430 чалавек, хаця зараз колькасць наведвальнікаў можа дасягаць 600-650, сказаў Клімаў.

«Часта ставяць перад фактам: «Наша кампанія замовіла аўтобус, мы едзем». Калі ў нас 60 груп на суботу, куды яны едуць? — запытаўся Клімаў. — Трапляюць у замак, пачынаюць скандаліць: «Мы самі пойдзем, у вас не хапае экскурсаводаў». Гэта няпраўда. У нас 26 экскурсаводаў, дзяжураць навуковыя супрацоўнікі, даступныя 185 аўдыягідаў».

Дырэктар запаведніка заклікаў прадстаўнікоў турфірм выконваць парадак і «не прымушаць выклікаць міліцыю». Паводле яго слоў, супрацоўнікі музея пастаянна атрымліваюць знявагі на свой адрас. Разам з тым Клімаў зазначыў, што адміністрацыя замка таксама сочыць за тым, каб супрацоўнікі музея паводзілі сябе карэктна.

Паводле слоў дырэктара, зараз у замку вядзецца ўстаноўка турнікетаў для пропуску наведвальнікаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?