Тэкст можна разломваць на кавалкі, як хлеб. Піша Анка Упала.

Фраза па-за тэкстам толькі акругляецца, поўніцца зместам. А калі разламіць яе на асобныя словы, наагул выяўляецца бездань.

Мне падаецца важным усвядоміць, што літаратура можа быць не толькі складзена са слоў, але і раскладзена з іх.

У адным з маіх ненапісаных тэкстаў персанаж Каталагізатар разбірае ўсе кнігі, што трапляюць яму ў рукі, на асобныя словы і захоўвае іх у аблокавых сховішчах. Так ён мае аблокі са словамі «я»,«прыйшла», воблака са слоў «ты»… Гэта аўтар, які дае літаратуры спраўдзіцца ў поўным аб’ёме.

На сённяшні дзень тэкстаў складзена так шмат, што раскладаць іх можна практычна бясконца. Як масавая з’ява – яно непатрэбна. Але ўсведамляць гэты бок літаратуры карысна гэтак жа, як у мастацтве разумець, што візуальнае можа быць, як навалка, вывернута праз «Чорны квадрат». Разумець, што тэкст можа быць раскладзены на словы і такім чынам створаны наноў – значыць нарэшце ўбачыць літаратуру як з’яву цэлай, а не палавінчатай.

У раскладанні добра тое, што нават кепска напісаны тэкст пры гэтым набывае глыбіню, калі не на ўзроўні фразы, то ўжо гарантавана на ўзроўні слова. Бо слова сапсаваць немагчыма. Аднолькава паспяхова можна раскласці папсовую песеньку і класічны раман. Розніца толькі ў тым, на колькіх узроўнях мы будзем адчуваць сэнсоўнасць.

Ёсць аўтары, якім не дадзена складаць, і ўсё ж яны імкнуцца займацца літаратурай. Я б параіла ім займацца раскладаннем, сваіх і чужых тэкстаў. Адзінае, што нельга замацаваць за сабой аўтарства на слова, калі ты не сам яго прыдумаў. Раскладанне тэкстаў - вельмі бескарыслівы і пры гэтым глыбокі спосаб займацца літаратурнай творчасцю.

Я прапаную раскласці беларускую літаратуру, класічную і сучасную. Кожны можа рабіць гэта для сябе, узяць любы тэкст любога беларускага аўтара, дзяліць яго на фразы, калі дазваляе майстравітасць стваральніка пачатковага тэксту, і словы і раскрываць сэнсы, якія на ўзроўні слова максімальна поўныя і дасканалыя.

Зрэшты, маёй прапановы ўжо дастаткова, каб лічыць беларускую літаратуру раскладзенай на словы, бо тут дастаткова ідэі. Такім чынам беларуская літаратура першая ў свеце, якая была раскладзена і дасягнула дасканаласці.

* * *

Анка Упала -- літаратарка. Нарадзілася ў 1981 у Магілёве. Жыве ў Мінску. Аўтарка кнігі «Дрэва Энталіпт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0