Ад верасня ў Мінску дзейнічае беларускамоўная «Школа практычнай генеалогіі»
На пытанні «НН» адказаў яе кіраўнік і выкладчык, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Вадзім Урублеўскі.
НН: Спадару Вадзім, раскажыце пра Вашую школу. Калі і як ўзнікла ідэя яе стварэння?
Вадзім Урублеўскі: Змалку я цікавіўся ўласным радаводам і задаваўся пытаннямі свайго паходжання. Калі цікавасць пакрыёма ўзрасла, пачаў дзейнічаць: апытваў сваіх родзічаў, працаваў над зборам дакументаў сярод сваякоў і пошукам у архівах.
Радасць адкрыцця мінулага праз імёны, характары і ўчынкі людзей ні з чым не параўнальная, асабліва калі ўлічыць, што ў венах гэтых людзей цякла тая ж кроў, што і ў нашых.
Для іх маглі быць характэрныя звычкі, зацікаўленні, дабрачыннасці і жарсці, падобныя да нашых. У пэўны момант канчаткова саспела жаданне падзяліцца радасцю адкрыцця з іншымі.
Яшчэ ў час навучання на гістфаку Белдзяржуніверсітэту мне прадстаўлялася магчымасць несці свае веды ў гэтай сферы іншым студэнтам. Так, у сакавіку 2009 на родным факультэце было заснаванае генеалагічнае аб’яднанне–гурток даследчыкаў генеалогіі «Радавод», які займаецца распрацоўкай радаводаў знакамітых беларусаў, стварэннем бібліяграфічнага спісу па генеалогіі і сумежных дысцыплінах, апісаннем старажытных могілак Беларусі, аказаннем метадычнай дапамогі ў пошуку ўласных каранёў.
Але малая зацікаўленасць моладзі, абмежаванае кола ўдзельнікаў, павярхоўны свецкі характар гуртка паспрыялі звароту маёй увагі ў іншы бок.
Будучы праваслаўным хрысціянінам, я з часу ўцаркаўлення шукаў сваю грамаду – супольнасць людзей, блізкіх не толькі па жыццёвых інтарэсах, але па духу.
У чэрвені 2012 я наведаў прыход Мікалая Японскага, што на вуліцы Лідская ў мікрараёне Каменная Горка, і вырашыў маліцца і служыць пры ім. Настаяцель прыходу – айцец Павел Сярдзюк – спрыяльна ставіцца да адраджэння беларускай мовы, культуры і гістарычнай памяці. Тым больш ён пагадзіўся і на развіццё маёй ініцыятывы, накіраванай на тое, каб дапамагчы людзям пазнаваць саміх сябе, аднаўляць сваю родавую памяць, адкрываць таямніцы гісторыі праз лёсы канкрэтных людзей – далёкіх і блізкіх продкаў.
У жніўні 2013 быў распрацаваны план заняткаў школы, вызначаныя іх тэмы, абвешчаны набор усіх ахвочых праз падачу заявак са звесткамі аб сваяках.
На сённяшні дзень у згаданым асветніцкім праекце ў якасці сталых ўдзельнікаў зарэгістравана 35 чалавек. З той прычыны, што некаторыя з нашых слухачоў – жыхары іншых гарадоў і мястэчак (да прыкладу Мастоў, Крупак, Воршы ды інш.), намі было ўведзенае завочнае навучанне, якое ажыццяўляецца праз электронную рассылку неабходных для вучобы матэрыялаў.
Акрамя асобаў, прынятых пасля падачы заявак, нашыя заняткі наведваюць вольныя слухачы, многія з якіх з часам таксама пераходзяць у шэраг заўсёднікаў.
Варта адзначыць, што гэта першы праект такога кшталту ў Беларусі і другі на постсавецкай прасторы (падобная школа дзейнічае ў Санкт-Пецярбуругу і мае пераважна свецкі характар).
НН: Наколькі запатрабаванаю аказалася дзейнасць школы? Хто з’яўляецца яе навучэнцамі?
ВУ: Тое, ці адказала школа сваім першачарговым мэтам, вызначыць час. Усё залежыць ад саміх людзей, іх настойлівасці і руплівасці.
Кожная вартая справа патрабуе істотных намаганняў, якія з часам так ці інакш, але абавязкова прынясуць плён і паспрыяюць лепшаму пазнанню мінулага праз бачанне не безаблічнай аморфнай масы «продкаў», а праз імёны і падзеі жыццядзейнасці канкрэтных родных людзей.
Узроставы дыяпазон навучэнцаў даволі шырокі. Найстарэйшай удзельніцы – 74 гады, самаму малодшаму – 18. Школа ў першую чаргу разлічана на дарослых людзей, якія маюць годны абавязак перад сваімі сям’ёй і родам вярнуць з забыцця страчаныя старонкі мінулага і перадаць іх дзецям.
Тыя, хто пачынаюць займацца гэтай справай, узбагачаюць не толькі сябе і сваю сям’ю, яны узбагачаюць свой род, знаходзяць згубленых і забытых суродзічаў, робячы свой пачэсны ўнёсак у аднаўленне гістарычнай спадчыны і яднанне пакаленняў – памерлых і жывых.
НН: Што менавіта прапануецца ўвазе ўдзельнікаў школы?
ВУ: Шырокі спектр інфармацыі. Адзначаюцца асноўныя духоўныя падставы для заняцця генеалогіяй, акрэсліваюцца першыя крокі пошуку (збор успамінаў, апісанне сямейнага архіву, догляд і апісанне магілаў продкаў); распавядаецца пра ўсходнеславянскія, прозвішчы, імёны і мянушкі; даецца інфармацыя аб асноўных беларускіх і замежных манаграфіях, артыкулах, спісах са звесткамі па генеалогіі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і інш.
Галоўны блок інфармацыі звязаны са сферай архівазнаўства, бо менавіта ў архівах зберагліся ўнікальныя і каштоўныя дакументы з мінулага.
Адмысловая ўвага надаецца інтэрнэт-рэсурсам і сацыяльным сеткам, якія спрыяюць генеалагічнаму пошуку ў часе і прасторы. З мэтай сістэматызацыі сабранай інфармацыі асобны занятак прысвячаецца розным відам яе апрацоўкі, а менавіта тэкставай падачы, пакаленным роспісам і схемам, генеалагічным праграмам.
Гэта цыкл пытанняў, якія мяркуецца асвятліць перад слухачамі школы да Новага году. Пасля Новага году гаворка будзе весціся пра методыку распрацоўкі і практычны досвед у галіне даследавання радаводаў асноўных беларускіх саслоўяў – шляхты, мяшчан, сялян і духавенства.
Мяркуецца прыцягнуць да ўдзелу вядомых спецыялістаў гэтых сфераў. 4 траўня 2014 – заключны занятак, прысвечаны падвядзенню вынікаў.
НН: Якія ўмовы сёння існуюць для даследавання свайго радаводу? Ці супрацоўнічаеце Вы з якімі-небудзь ўстановамі і ініцыятывамі?
ВУ: На сённяшні дзень займацца сваім радаводам – справа пачэсная і перспектыўная. Калі продкі пражывалі на тэрыторыі Беларусі і краінаў бліжняга замежжа, то асаблівых перашкодаў не існуе.
Магчыма працаваць у чытальных залах архіўных установаў самастойна або замаўляць правядзенне даследавання іх супрацоўнікамі.
Трэці варыянт – па дамоўленасці або даверанасці над вашай тэматыкай могуць працаваць прыватныя генеолагі-спецыялісты.
У Беларусі на сённяшні момант генеалогіяй як навукай займаюцца спецыялісты асобных навучальных і навуковых установаў, напрыклад БДУ і Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук.
Наколькі актыўнай дзейнасцю ў гэтым кірунку займаюцца навуковыя і навучальныя ўстановы рэгіёнаў, сказаць не бяруся.
Папулярызацыяй шляхецкай генеалогіі займаюцца некаторыя грамадскія ініцыятывы, напрыклад «Згуртаванне беларускай шляхты».
У апошні час ствараюцца новыя праекты, напрыклад, Цэнтр генеалагічных даследаванняў з адмысловым фондам, арыентаваны на развіццё навуковай генеалогіі.
Самым выбітным беларускім генеолагам-навукоўцам на сённяшні момант з’яўляецца кандыдат гістарычных навук Сяргей Рыбчонак.
Але ў асноўным беларуская генеалогія рухаецца наперад, дзякуючы падзвіжніцкім высілкам аматараў-энтузіастаў, напрыклад, Змітра Дразда, Фёдара Чарняўскага, Васіля Юршы.
Шмат для дадзенай справы робіць мецэнат і выдавец Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў. Маю спадзеў, што некаторыя са згаданых асобаў распавядуць пра свой багаты досвед даследчыцкай працы і нашым слухачам.
НН: На якой мове праводзяцца заняткі?
ВУ: Ад пачатку ў правілах школы было вызначана, што мовамі навучання ёсць беларуская і расейская.
Але з нашай ініцыятывы і з жадання навучэнцаў на занятках выкарыстоўваецца беларуская мова, пераважна па-беларуску рыхтуюцца навучальныя і дапаможныя матэрыялы.
Цешыць тое, што многія расейскамоўныя шкаляры да гэтага паставіліся са шчырасцю і разуменнем, успрымаюць мову як належнае і самі намагаюцца задаваць пытанні і адказваць па-беларуску.
НН: У пачатку 90-х пабачыла свет эсэ Ўладзіміра Арлова «Мой радавод да пятага калена, або спроба пазбегнуць выгнання», у якім ён згадвае пра старадаўні звычай нашых продкаў, паводле якога юнак, што дасягаў паўналецця, каб пацвердзіць сваё права годна звацца мужчынам, мусіў, апроч іншых выпрабаванняў, распавесці пра свой радавод да пятага калена. У адваротным выпадку няведанне радаводу ўважалася як непавага да сваіх продкаў, і яго маглі выгнаць як патэнцыйнага здрадніка. Наколькі сённяшнія беларусы могуць паўтарыць легендарны звычай сваіх прашчураў?
ВУ: Калі б і сёння ў нашым грамадстве трымаліся такога звычаю, то на выгнанне належыла б асудзіць каля 75 % нашых суайчыннікаў. Беларусы мала ведаюць пра сваіх продкаў, як правіла, да 3-4 пакалення.
Эпоха бяспамяцтва ўнесла значныя карэктывы ў звычай беларусаў зберагаць памяць пра мінулае. Было небяспечна ведаць пра мінулае, якое магло стаць падставай палітычнага пераследу і грамадскага асуджэння.
Пакаленне прадзедаў імкнулася забыць пра ўчорашні дзень, дзядоў вучылі глядзець наперад і, замест зберагання каранёў і традыцыі, думаць пра «светлую будучыню».
Бацькі ж, народжаныя і ўзгадаваныя ў атмасферы бязвер’я і бяспамяцтва, былі асуджаныя, або прымаць павярхоўнае і несапраўднае, або шукаць спосабы засяваць сваю ўнутраную пустэчу жыццядайным зернем.
Цікава, што большасць нашых слухачоў належыць да пакалення бацькоў, народжаных ў 1950-1960-я гады. Кроў абудзілася ў іх тады, калі прыспеў час.
Вельмі спадзяюся і балюча хварэю за тое, каб нашыя дзеці паміж матэрыяльнымі дабротамі гэтага свету і духоўнымі скарбамі выбіралі ўсё ж апошняе: «Не турбуйцеся і не кажыце: «што нам есці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам». (Мф. 6:31-33).
***
Ахвочыя больш даведацца пра «Школу практычнай генеалогі», спрычыніцца да яе дзейнасці, супрацоўнічаць або задаць пытанні, могуць звяртацца па наступных кантактах:
+375(29) 399-87-33
e-mail: [email protected] (Вадзіму Урублеўскаму).
Каментары