У абодвух абвінавачаных па справе аб забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай прызнана наяўнасць свядомасці, яны здольныя разумець свае дзеянні і кіраваць імі. Такія высновы спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, паведамілі БелаПАН у Следчым камітэце.

Нагадаем, Таццяна Слонімская, якая паехала ў вёску Малы Трасцянец (Мінскі раён) да маці, а затым накіравалася на сваёй машыне «Мазда-3» у лес за ягадамі, знікла 3 ліпеня.

17 ліпеня былі затрыманыя два падазроныя ў забойстве жанчыны, цела якой знайшлі на наступны дзень у Мінскім раёне каля вёскі Дварэц.

Галоўным падазраваным па справе з'яўляецца неаднаразова судзімы 21-гадовы мінчанін. Нібыта менавіта ён нанёс жанчыне некалькі нажавых раненняў, ад якіх яна памерла, затым пагрузіў цела ў багажнік яе ж машыны і адвёз у іншую мясцовасць, дзе закапаў.

Другі падазраваны, мінчанін 1994 года нараджэння, яму садзейнічаў. Аўтамабіль Слонімскай быў прададзены ў Расіі.

Збор доказаў па справе працягваецца. Абвінавачанні фігурантам справы выстаўлены ў забойстве пры абцяжарвальных акалічнасцях, а таксама ва ўчыненні разбойнага нападу (ч. 2 арт. 139 і ч. 3 арт. 207 КК).

Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Сумесна з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў ажыццяўляецца комплекс мер, скіраваных на ўстанаўленне дачынення абвінавачаных да іншых злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?