Міжнародны валютны фонд выказвае занепакоенасць у сувязі з больш рэзкім, чым меркавалася, пагаршэннем сітуацыі ў плацежным балансе Беларусі.

Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

«У выніку камбінацыі мяккай макраэканамічнай палітыкі, зніжэння канкурэнтаздольнасці, пагаршэння знешняй кан'юнктуры і пэўных фактараў, якія ўплываюць на асноўныя артыкулы беларускага экспарту, на фоне павольнага росту і інфляцыі, якая зніжаецца, аднак усё яшчэ застаецца высокай, сёлета адбываецца больш рэзкае, чым меркавалася раней, пагаршэнне сальда рахунку бягучых аперацый», — канстатаваў Хофман.

Ён адзначыў, што «ў спалучэнні з вялікімі плацяжамі па пагашэнні знешняга доўгу ў 2013 і 2014 гадах гэтая сітуацыя выклікае занепакоенасць».

Паводле слоў прадстаўніка МВФ, цяперашнія тэндэнцыі ў адносінах да плацежнага балансу «не могуць быць устойлівымі; неабходны рашучыя меры эканамічнай палітыкі».

«Новы план сумесных дзеянняў урада і Нацыянальнага банка дае абнадзейлівы сігнал аб тым, што ўлады прызнаюць неабходнасць змены эканамічнай палітыкі.

Місія вітае шэраг элементаў гэтага плана», — сказаў Хофман. Ён растлумачыў, што фонд падтрымлівае намер беларускіх улад «перавесці ўсё мэтавае і субсідаванае крэдытаванне ў Банк развіцця і актывізаваць працу па прыватызацыі».

«Гэтыя планы з'яўляюцца добрым пачатковым пунктам і пры ўмове іх належнай рэалізацыі забяспечаць такі неабходны рух наперад», — падкрэсліў Хофман.

Як паведамлялася раней, за студзень—ліпень 2013 года дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі склаў 3,6 млрд. долараў.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на мінулым тыдні заявіў пра тое, што беларускі бок «вельмі разлічвае» на новую крэдытную праграму з фондам, у межах якой можна будзе атрымаць фінансаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?