27 сакавіка ў галерэі «Фальварак Добрыя Мысьлі» адкрылася выстава жывапісу і графікі Ілоны Барадулінай. Піша Сяргей Харэўскі.

Арт-кавярня «Добрыя Мысьлі» правяла сваю чарговую імпрэзу, прэзэнтуючы менскай публіцы тое мастацтва, што з розных прычынаў няможна пабачыць у іншых залях. Творы Ілоны Барадулінай пабачыць у Беларусі цяжка. Па-першае, яна жыве й працуе пераважна ў Санкт-Пецярбургу. Па-другое, яна – дачка народнага паэта, які добра пасьпеў вызначыцца нонканфармізмам – падзяляе бацькавы погляды. Тыя экспазыцыі, што Ілона ладзіла ў Менску, тыя артыстычныя акцыі, у якіх яна брала ўдзел, былі альтэрнатыўныя афіцыёзу. Ня склаліся стасункі ў Барадулінай і зь дзяржаўнымі інстытуцыямі мастацтва ў нашай краіне. Апошняя пэрсанальная яе выстава «Новая дарога» адбылася тут ажно дзесяць гадоў таму ў Музэі беларускае літаратуры. Таму наведнікі «Плоскасьці свабоды» атрымалі ўнікальную магчымасьць пазнаёміцца з тым, што стварае Ілона цяпер, як мысьліць і куды імкнецца. Сытуацыя кавярні, зь яе паважнай абслугаю й стандартнымі пахамі, робіць насамрэч самавітае ўражаньне.

«Зайздрошчу кулінарнаму мастацтву. Кухары ня ведаюць пасьмяротнага прызнаньня. Страўніку чалавек верыць безумоўна, а за сваю душу – выбачаецца. І чым незвычайнейшы, нестандартнейшы твор, тым больш выбачэньняў можна выслухаць ягонаму стваральніку за тое, што ён да душы цёмнаму наведніку, які не разумее», – кажа на пачатку акцыі Ілона Барадуліна.

Творы мастачкі незвычайныя ў беларускай плоскасьці. Выломваецца адтуль і яе плястыка, і набор вобразаў. Паспрыяла тое, што яна ня мела традыцыйнае для Беларусі мастакоўскае адукацыі, за выняткам хіба навучаньня ў школе з мастацкім «ухілам». Ілона Барадуліна, паводле адукацыі і нараджэньня, – філёляг. Шмат у чым яе сьветапогляд сфармаваны ў коле бацькавых сяброў, сярод якіх былі Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Барыс Забораў. Мастацтва для яе заўжды было ня працаю з адпаведнай «прафэсійнай адукацыяй», а працягам дзіцячых гульняў, што вырасьлі ва ўласную філязофію, у спосаб спасьціганьня сьвету.

У творах гэтае мастачкі, пры жаданьні, можна знайсьці багата цытатаў: зь японскага мастацтва, з афрыканскага, зь беларуска-францускага кубізму... Але ці варта іх шукаць? Бо зь любога набору формаў можна стварыць цалкам арыгінальны твор. І паўз усе алюзіі і падабенствы творчасьць Ілоны Барадулінай уводзіць нас у зусім нечаканы й ні на што не падобны сьвет. Яна вычарпальна тлумачыць патрэбу ва ўласным тэрміне для свайго мастацтва: «Мне ўстыла тлумачыць, у якой манеры я працую, я вырашыла ўвесьці гэты тэрмін у жыцьцё сучаснага мастацтва. Мастацтва зараз падзяляецца на два лягеры ў вачах агульнай масы людзей: тое зразумелае, традыцыйнае, астатняе – авангард, нават калі ён з трыццацігадовым тэрмінам «вартасьці». «Што вы малюеце?» Выбар адказу – мінімальны, калі гаворыш зь недасьведчаным чалавекам. Індывідуалізм – ключ да салаўінага сьпеву. Белыя вароны мастацтва стваралі й ствараюць уласны монаістычны почырк. Монаізм – гэта тое, што і як раблю толькі я, гэта тое, што і як робіш толькі так, як ты».

Пры канцы імпрэзы мастачка пацьвердзіла ўласную канцэпцыю пэрформансам (на здымках). Пад адвольны набор гукаў гішпанскага флямэнка Ілона Барадуліна за чвэрць гадзіны стварыла на вачах гледачоў новы твор. Пры дапамозе драбіны, трох флямастэраў на белай плоскасьці аркуша паперы нарадзілася «Плоскасьць свабоды».

Здымкі Веранікі Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0