Выступаючы 29 кастрычніка на форуме «Традыцыі. Моладзь. Будучыня» ў Мінску, Лукашэнка прапанаваў абвясціць 2015 Годам моладзі.

2015 год ён назваў вызначальным у гісторыі краіны (у гэтым годзе ў Беларусі павінны прайсці чарговыя прэзідэнцкія выбары).

«Гэта будзе вельмі няпросты год, я гэта кажу без усялякага падтэксту. Гэты год будзе вызначаць будучыню нашай краіны па многіх-многіх напрамках. І як вы вырашыце ў гэты год, хай так і будзе, гэта будзе для вас», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Ён заклікаў моладзь прывіваць сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэялогій.

«Нашай краіне самы час перапыніць сумную традыцыю мінулага стагоддзя — разбураць да рэшты і кожныя тры дзесяцігоддзі пачынаць усё будаваць з нуля. І менавіта моладзь павінна сказаць тут сваё слова, назаўжды прывіўшы сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэялогій «, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку Лукашэнкі, «нішто так не небяспечна для маладой незалежнай краіны, як унутраныя сваркі і звады», якія вядуць «да галоўнай небяспекі, якая падпільноўвае любую маладую нацыю, — да радыкальных ідэяў рэвалюцый і ўзрушэнняў.

«І хоць маладосці заўсёды ўласціва патрабаваць радыкальнай ломкі і неадкладных пераменаў, я заклікаю вас задумацца над урокамі гісторыі. Ці прыносілі ўзрушэнні каму-небудзь шчасце? Не, яны неслі з сабой толькі блытаніну ў розумах, бяды і разруху. І ніколі, падкрэсліваю, ніколі не абыходзіліся без крыві», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў РГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (БРСМ) больш нацэльваць моладзь на самарэалізацыю у роднай краіне. Паводле слоў Лукашэнкі, у працы з маладымі дзяржава абапіраецца на БРСМ як на перадавы атрад, які аб'ядноўвае амаль паўмільёна чалавек.

«Мы абсалютна не хаваем таго, што ставім перад БРСМ ідэалагічныя і палітычныя задачы. Але гэтыя задачы звязаныя не з ператварэннем яго членаў у чыіх-небудзь «ястрабаў» ці «сокалаў».

А перш за ўсё — з фарміраваннем з маладых людзей патрыётаў нашай краіны. І вы не зможаце папракнуць мяне ў тым, што я казаў: бярыце дубіны, бярыце камень і ідзіце ў кагосьці кідайце. Я ўсё жыццё, будучы прэзідэнтам, стараўся зберагчы моладзь ад гэтага», — заявіў Лукашэнка.

Адзначыўшы, што моладзевы форум праходзіць у новым Палацы незалежнасці, кіраўнік дзяржавы назваў яго сімвалам беларускай дзяржаўнасці.

Лукашэнка падкрэсліў, што будынак пабудаваны сіламі беларускіх спецыялістаў з айчынных матэрыялаў і з'яўляецца ўвасабленнем таго, на што здольныя беларусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?