Беларусь выказвае глыбокую занепакоенасць «імклівым ростам выпадкаў парушэння правоў чалавека ў гэтак званых краінах развітай дэмакратыі».

Пра гэта заявіла прадстаўнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Таццяна Ляшкова падчас дыскусіі Генасамблеі ААН па пытанні заахвочвання і абароны правоў чалавека. Выступленне адбылося 31 кастрычніка ў Нью-Ёрку.

«Сёння заходнія краіны ўсё больш асацыююцца з расавай дыскрымінацыяй і парушэннем правоў мігрантаў і бежанцаў, антысемітызмам, шавінізмам, неафашызмам, сілавымі, нават жорсткімі разгонамі дэманстрацый, катаваннямі, пераследам журналістаў, рэлігійнай нецярпімасцю, парушэннем маральных і духоўных каштоўнасцяў», — цытуе Ляшкову прэс-служба МЗС Беларусі.

Паводле яе слоў, за апошнія месяцы ў Германіі зафіксавана актывізацыя дзейнасці арганізацый і партый неанацысцкага толку, у прыватнасці Нацыянал-дэмакратычнай партыі, партыі «За Германію». У Вялікабрытаніі ў дачыненні да журналістаў мелі месца парушэнні правоў на свабоду і асабістую недатыкальнасць, на абарону ад самавольнага арышту або затрымання, на свабоднае выказванне меркавання, падкрэсліла яна.

«Мяркуем, што ў Польшчы, дзе ў ліпені 2013 года было вынесена апраўдальнае рашэнне ў дачыненні да асоб, якія абвінавачваліся ў апаганьванні помнікаў савецкім воінам у Варшаве, не рэалізуецца абавязацельства дзяржавы праводзіць палітыку ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, — сказала Ляшкова. — У Чэхіі мае месца рост нацыяналістычных настрояў, ахвярамі якіх становяцца, у першую чаргу, прадстаўнікі народнасці рома. Праблема расавай дыскрымінацыі таксама актуальная для Швейцарыі».

Паводле слоў Ляшковай, Беларусь праводзіць маніторынг выпадкаў парушэння правоў чалавека ў краінах Захаду.

«Па выніках праведзенай намі ў 2012 годзе працы мы падрыхтавалі даклад. У канцы 2013 года мы рыхтуемся выдаць другі даклад аб парушэнні правоў чалавека ў краінах «прасунутай дэмакратыі», якія памылкова пазіцыянуюць сябе ў якасці «настаўнікаў» у сферы правоў чалавека», — паведаміла прадстаўнік МЗС.

Яна таксама зазначыла: «Беларусь неаднаразова падкрэслівала недапушчальнасць прымянення аднабаковых мер эканамічнага прымусу і разглядае іх як спосаб палітычнага націску на суверэнныя дзяржавы. Пры гэтым асобныя дзяржавы, якія зрабілі іх механізмам сваёй знешняй палітыкі на карысць сваіх палітычных інтарэсаў, цалкам ігнаруюць той факт, што такія меры карэнным чынам падрываюць эканамічныя і сацыяльныя правы насельніцтва краін, якія падвяргаюцца санкцыям».

Ляшкова заклікала да заснавання адпаведнай спецыяльнай працэдуры Савета па правах чалавека па ацэнцы ўплыву аднабаковых прымусовых мер на ажыццяўленне правоў насельніцтва ў дзяржавах, супраць якіх накіраваныя такія меры. «Лічым недапушчальным прымяненне Еўрасаюзам і ЗША эканамічных санкцый», — падкрэсліла яна.

Паводле слоў прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, Беларусь таксама занепакоена тым, што замест аказання рэальнай практычнай і экспертнай дапамогі дзяржавам па эфектыўнай арганізацыі выканання дагаворных абавязацельстваў у сферы заахвочвання і абароны правоў чалавека, камітэты, у прыватнасці Камітэт па правах чалавека, і асобныя эксперты бяруць на сябе неўласцівыя «судовыя» функцыі. «Пагардлівае стаўленне да пазіцыі дзяржаў, нядобрасумленнае маніпуляванне неправеранай інфармацыяй з сумнеўных крыніцаў трактуецца як незалежнасць, паняцце аб адказнасці перад абраўшымі іх дзяржавамі выпустошваецца з практычнай дзейнасці дагаворных органаў па правах чалавека», — сказала Ляшкова.

Яна падкрэсліла, што Беларусь лічыць неабходным найхутчэйшую распрацоўку кодэкса паводзінаў членаў дагаворных органаў па правах чалавека, павышэнне падсправаздачнасці дагаворных органаў канферэнцыям бакоў адпаведных міжнародных дагавораў.

Кажучы пра сітуацыю ў Беларусі, Ляшкова зазначыла, што рэспубліка надае «максімальную ўвагу пытанню заахвочвання і абароны ўсіх катэгорый правоў чалавека — грамадзянскіх і палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных».

Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з Саветам па правах чалавека і праваабарончымі механізмамі, падкрэсліла прадстаўнік МЗС. Паводле яе слоў, у 2013 годзе ў Беларусі сумесна з Упраўленнем вярхоўнага камісара па правах чалавека (УВКПЧ) былі праведзены мерапрыемствы па тэматыцы абароны ахвяраў гандлю людзьмі, недапушчэння расавай дыскрымінацыі. Запланаваны семінары па тэматыцы правоў інвалідаў, правоў дзіцяці, сацыяльна-эканамічных правоў.

Ляшкова зазначыла, што ў 2010 годзе Беларусь паспяхова прайшла першы цыкл Універсальнага перыядычнага агляду (УПА). «На сёння намі ўжо выкананы амаль усе рэкамендацыі, ухваленыя па выніках агляду. Зараз мы актыўна рыхтуемся да другога цыкла УПА, які адбудзецца ў 2015 годзе. У Беларусі запланаваны шэраг мерапрыемстваў пад эгідай Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і УВКПЧ, прысвечаны падрыхтоўцы да другога цыкла УПА. Прычым у гэтых мерапрыемствах бяруць удзел і ўрад, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці», — сказала яна.

Ляшкова таксама паведаміла, што ў жніўні 2013 года Беларусь паспяхова прэзентавала ў Камітэце па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі даклад аб выкананні палажэнняў Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі. «Камітэт назваў «уражальнымі» ініцыятывы Беларусі, скіраваныя на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, у прыватнасці на павышэнне занятасці і адукацыі членаў цыганскіх абшчын, — сказала прадстаўнік МЗС. — Члены камітэта высока ацанілі міжнацыянальную і міжканфесійную сітуацыю ў Беларусі. Была адзначана вялікая ўвага, якая надаецца пытанням заахвочвання культурнай разнастайнасці, развіцця і захавання культур нацыянальных супольнасцяў Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?