«11 кастрычніка прыкладна а 21.00 кіроўца 1990 года нараджэння кіраваў аўтамабілем «Мерсэдэс». Не даў рады кіраванню, выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе здзейсніў наезд на пешахода, якая рухалася ў папутным кірунку па левай узбочыне.
Пасля наезду на пешахода аўтамабіль перакуліўся. У выніку ДТЗ дзяўчына загінула». Так усё выглядае ў міліцэйскай зводцы. А за сухімі фармулёўкамі — дзявочы лёс.
Трагедыя здарылася ў вёсцы Шарпілаўка ў Гомельскім раёне. 18гадовая Кацярына жыла там з бацькамі, пакуль некалькі гадоў таму яны не пераехалі бліжэй да Гомеля — у пасёлак Бярозкі. У той дзень дзяўчына прыехала на вёску адведаць бабулю, але так і не паспела расказаць навіны.
Падрабязнасці здарэння прыгадвае Яня. Дзяўчыну таксама зачапіла ў той аварыі, але, на шчасце, напамінам пра той вечар на руцэ засталіся толькі драпіны.
«Мы з Кацяй прагульваліся. Ішлі па левай узбочыне. Чулі, як за намі ехала машына. Гэта ўсё так хутка адбылося… Машына праляцела на вялізнай хуткасці, і я адчула моцны боль у руцэ. Паклікала Кацю, а ў адказ — цішыня. Пасля, як яе ўбачыла, у мяне быў шок…»
«Яе ўдарыла так, што рукаў ад курткі адарваўся, красоўкі адляцелі ў розныя бакі. Пазней я знайшла маланку ад курткі і палову раменьчыка ад штаноў, — расказала сястра Кацярыны.
«Людзі, якія першыя падбеглі, выцягвалі кіроўцу з машыны, бачылі, што ён ледзь ішоў. Ён сам не адмаўляў, што выпіў 1,5 літра піва. А ён жа настаўнік гісторыі. Паступіў у Мінск у аспірантуру».
Кацярына ж летась паступіла ў Брэсцкі ўніверсітэт — на юрыста, а сёлета перавялася ў Гомель. У сям’і тры дачкі. Каця была старэйшай.
«Чалавек за рулём быў моцна п’яны. Я чула, як ён размаўляў па тэлефоне і ўсё гаварыў пра сваю кар’еру, — прыгадвае са скрухай Яна. — «Яго ў той момант хвалявала толькі гэта».
Ён яшчэ па тэлефоне камусьці казаў, што бачыў нас: «Адна дзяўчына была ў белай куртцы, а другая — у цёмнай. Я ж проста хацеў пажартаваць».
Хацеў праехаць каля самых дзяўчат — пафарсіць.