Публікацыя тэксту ў жанры споведзі «Пакаленне LAST», што напісаў Усевалад Сцебурака, мела шырокі розгалас у вузкіх колах беларускіх інтэрнаўтаў. Зусім невялікі, але цалкам эмацыйны гэты твор публіцыстыкі стаў летась прадметам бурапенных дыскусіяў. Больш за тое, Сцебуракава мэтафара пакалення LAST інспіравала публікацыю цэлае нізкі палемічных тэкстаў.

Усевалад Сцебурака на прзентацыі сваёй кнігі.

Усевалад Сцебурака на прзентацыі сваёй кнігі.

Але тэма не вычарпаная, бо гэтае пакаленне, як яго не называй – ёсць. Не бяруся сурочыць, ці яно апошняе, але тое, што далёка не першае – то пэўна!

Пакуль ішлі палітычныя баталіі, як кветкі распускаліся, на радасці філатэлістам і нумізматам, на пярэстых мапах нацыі, будаваліся новыя храмы і ўзнаўлялася старая геральдыка, паўставала мабільная сувязь і інтэрнэт, тое пакаленне вырасла. Але, так і не здолеўшы паруліць, яно засталося — пакуль што — пакаленнем юнгаў з пасівелымі ўжо скронямі.

А многія з іх сталі публічнымі асобамі, медыйнымі персанажамі, культурнымі героямі. Некаторыя шмат пішуць. І выдаюць цэлыя кнігі. Хоць бы і вось гэтыя дзве, што папоўнілі маю бібліятэку восенню. Двух аднагодкаў — Усевалада Сцебуракі і Віктара Корбута, якія пачыналі свой творчы шлях з «Нашай Нівы».

Двух такіх розных аўтараў з аднаго пакалення, таго самага, якое адзін з іх сам назваў пакаленнем LAST. Яны добра зразумелі трэнд часу: быць папулярным – значыць быць запатрабаваным. А значыць, асабісты імідж калі не ўсё, то, прынамсі амаль усё, калі хочаш застацца ў полі ўвагі. Хоць яны абралі сабе розныя дзялкі ў нашай беларускай прасторы. І гэтыя дзве кнігі ёсць, у пэўным сэнсе, маніфестамі аўтараў.

Усевалад Сцебурака. Бег па самаадчуванні. – Мінск: Галіяфы, 2013. – 100 с. –(Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып 39) . — ISBN 978-985-7021-07-9

Кніга Усевалада Сцебуракі «Бег па самаадчуванні» – другая ў ягоным творчым даробку. Назваць аўтара маладым пачаткоўцам не выпадае. Таму выхад новае Сцебуракавае кнігі быў даўно чаканым. Балазе, аўтар, гісторык паводле адукацыі, добра вядомы публіцы як асоба медыйная — шоўмэн і блогер. Чалавек-аркестр, які прымервае на сябе самыя розныя вобразы:

Магу быць розным
Стрыечным,
Хросным
і цяжкавыносным

як з хаты раяль.

Гэтая аўтарская самахарактарыстыка трапна адлюстроўвае шырыню і разнастайнасць талентаў Усевалада Сцебуракі. У новы зборнік увайшлі вершы, у тым ліку і з папярэдняга зборніка «Крушня», ды празаічныя мініятуры, што былі напісаныя аўтарам у апошнія гады. У гэтай кніжцы чытач знойдзе і родныя вясковыя краявіды «Восень – бурштын і мёд», і радасць ад прыезду ў горад «Здарова, горад!». Гарэзлівыя і сур’ёзныя паэтычныя гісторыі з жыцця ў горадзе. Знойдзем мы ў новай кніжцы і пераклады з Андрэя Вазнясенскага. Знайшлося тут, на сотні старонак, месца і для грамадзянскай і для інтымнай лірыкі. І нават трохі – для філасофскіх паэтычных разважанняў, што часам набываюць у паэта экзальтаваныя формы. Зрэшты, гэта ўласціва паэтам…

Давай падлічым pro et contra,
сьвятло і цень.
скрозь гук фінальнага акорда
сьцячэм сьлязой па джалу корда
у ноч, у дзень…

У зборнік увайшло нямала і празаічных твораў. Частку кніжкі Усевалада Сцебуракі складаюць «reмаркі»— аўтарскія сэнтэнцыі пра смерць, жыццё ды іхны сэнс і змест.

Да таго ж у зборнік увайшлі некалькі празаічны мініятураў, адна з якіх, прысвечаная брату Анатолю — «Дзяцінства», — кранае сваёй шчырасцю і чуллівасцю.

Гэтая аўтабіяграфічная мініятура-прысвячэнне напісаная лёгка, як і большасць таго, што піша Усевалад Сцебурака, але ўзважана і трапна. У любога чытача, нават не знаёмага з іх інтэлігентай сям’ёю, узнікне светлае і жыццядайнае пачуццё радаснага суперажывання персанажам.

Жартоўная мініятура «Прыборка» ці гарэзлівая «Розныя смерці», што міжволі выклікае асацыяцыю з зусім іншым, талстоўскім апавяданнем, вымоўна ілюструюць характар самога аўтара.

Пры ўсёй фрывольнай лёгкасці, з якой аўтар абыходзіцца са словам, паэтычным ці празаічным, перад намі паўстае ўдумлівы і сталы аўтар, чые пачуцці раскрываюцца ў нюансах, у тонкай мадэліроўцы радкоў. Як напрыклад:

І вісіць верасьнёўская поўня
ціхім шыбеньнікам нябёс.
Я б пакутную зьняў, ды няроўня —
не дарос.

Ну і галоўным у гэтым зборніку стаў ужо анталагічны тэкст Усевалада Сцебуракі: «Пакаленне LAST». Бадай, гэтае караценькае эсэ як найлепей характарызуе нам аўтарскі светапогляд, не зашыфраваны ў кодах паэтычных радкоў, без флёру эстэтызацыі ці найгранае самаіроніі.

Вясёлы й зухавы шоўмэн не хавае тут сваёй прыкрасці, незадаволенасці тым месцам, што ён займае ў грамадстве. Гэты развітальны акорд у лёгкай паводле жанру кніжцы раптоўна вяртае нас у рэчаіснасць, брутальнасць айчыннае штодзённасці, у смугу спыненага часу, у якой тонуць юначыя мары і самыя высакародныя парыванні…

***

Віктар Корбут прэзентуе сваю кнігу. Фота nlb.by.

Віктар Корбут прэзентуе сваю кнігу. Фота nlb.by.

Віктар Корбут, болей знаны чытачам «Нашае Нівы» пад прозвішчам Мухін, таксама колісь не цураўся патэтыкі. Сёння ж ён – вядомы аўтар афіцыйнае, гэтак званае саліднае газеты. Кніга з амбівалентай назваю, цытатаю вядомых радкоў Іосіфа Бродскага — «Мінск. Лепшы від на гэты горад», выйшла ў выдавецкім доме «Звязда» і была прэзентаваная на «дзень горада» ля сталічнае Ратушы.

Гэтае выданне складаецца збольшага з публікацый аўтара ў газеце «Советская Белоруссия». У кнігу ўвайшлі нарысы і інтэрв'ю, што тычацца гісторыі Мінска аж ад XI ст. да нашых дзён. Зважаючы на тое, як пакутліва горад над Свіслаччу шукае сваю ідэнтычнасць, на тое, якая нішчымная, у параўнанні з суседнімі сталіцамі, нашая сталічная бібліяграфія, выхад любой падобнай кнігі, на любой мове — падзея, вартая ўвагі.

Корбут, В.А. Минск. Лучший вид на этот город. — Минск : Звязда, 2013. — 264 с. : ил. — ISBN 978-985-7059-52-2

Пагатоў, аўтар, ведамы публіцы па ранніх публікацыях як Віктар Мухін, піша пра родны ўжо тузін гадоў. Яшчэ юнаком ён браў чынны ўдзел у раскопках, імпэтна вывучаў гісторыю мінскае даўніны, перазнаёміўся асабіста з усёй сталічнай элітаю.

Цяперашняму аўтару Віктару Корбуту знаёмыя не толькі праблемы захавання спадчыны мінскае даўніны, але і розныя погляды на іх. Роўна ж як і праблемы нашае культуры і паўставання новае беларускае ідэнтычнасці. Часам радыкальна супрацьлеглыя погляды.

Але ў сваёй кнізе, ужо як вядомы публіцыст, ён унікае канфрантацыяў, пазбягае крытычных ацэнак і тчэ свой расповед па-новаму. Перадусім — даючы слова іншым, ствараючы атмасферу даверу да меркавання тых, хто быў ягоным суразмоўцам.

Нізка мінскіх рэпартажаў у газеце «Советская Белоруссия» Віктара Корбута распачалася з 2002 года.

Першыя з іх былі прысвечаныя раскопкам старажытнага горада, а затым зрабіліся сталым цыклам інтэрв’ю з архітэктарамі ды гісторыкамі, літаратарамі ды мастакамі, людзьмі, якія стварылі Мінск такім, якім мы яго бачым сёння.

Суразмоўцамі журналіста сталі такія выбітныя асобы, як археолагі Георгій Штыхаў і Ігар Чарняўскі, архітэктары Вальмен Аладаў і Леанід Левін, мастакі Май Данцыг і Гаўрыла Вашчанка, ды дзясяткі іншых творцаў, гісторыкаў, будаўнікоў, чыноўнікаў.

Насамрэч, гэтыя жывыя гісторыі — неацэнны скарб не толькі для самога аўтара, Віктара Корбута, але і для нас — чытачоў, якім неабыякавы лёс Мінска. Атрымліваецца, што гэтая кніга — плён працы за дзесяць гадоў, цягам якіх збіраліся тэмы, гісторыі, часам зусім невераемныя ці цалкам забытыя.

Вядома, журналісцкая праца, пагатоў у такім выданні як «Советская Белоруссия», вымагае пэўных стылістычных абмежаваннняў. І не толькі стылістычных. Пішучы пра мінскія некропалі, напрыклад, аўтар абмінае тэмы масавых пахаванняў часоў сталіншчыны. Наогул, тэма савецкіх рэпрэсіяў, адна з найважнешых для разумення нашага менталітэту, выпала амаль цалкам…

Але, нават пры тым, пры збедненай газетнай мове і самаабмежаваннях, кніга захапляе. Захапляе перадусім багаццем фактуры, што зазвычай застаецца па-за фундаментальнымі манаграфіямі ці энцыклапедычнымі выданнямі.

Напрыклад, з яе мы можам дазнацца, чаму і як «Совецкая Беларусь» сталася «Советской Белоруссией», як хавалі статую Леніна супрацоўнікі 3-й гарадской бальніцы. Што ж, якое выданне, такія і тэмы. Аднак тут ёсць і зусім іншыя тэмы — як і адкуль пачаўся горад, якія таямніцы былі раскрытыя археолагамі, што помняць карэнныя мінчукі. Бо гэта не проста расповед пра Мінск дзясяткаў людзей, але партрэт жывога горада. То бок, кніга «Минск. Лучший вид на этот город» перадусім — унікальны дакумент.

Невыпадкова вялікае месца ў выданні займаюць ілюстрацыі — старыя архіўныя здымкі, што невядомыя шырокай публіцы, каларытныя фотапартрэты суразмоўцаў і багата ўнікальных аўтарскіх фатаздымкаў.

Насамрэч, унікальных — бо за той дзясяткак гадоў, што Віктар Корбут пісаў кнігу, гістарычны цэнтр горада моцна змяніўся: былі зруйнаваныя многія помнікі архітэктуры, выраслі новыя бетонныя спаруды, у ценю якіх згубілася старасвеччына. Ужо дзеля ілюстрацыяў варта пацікавіцца гэтай кнігай.

У звязку з гэтым варта пашкадаваць, што здымкі недатаваныя. Як і самі інтэрв’ю. У выніку бясспрэчная дакументальная каштоўнасць кнігі, на жаль, зменшылася напалову.

Аднак кожны возьме з выдання «Минск. Лучший вид на этот город» тое, што хоча. І сакрэт тут нескладаны. Перадусім — ён тоіцца ў шчырым, хацелася б верыць, і непадробным пачуцці любові аўтара да свайго роднага горада.

Хоць працяг назвы кнігі, што раскрываецца ў працягу цытаты з Бродскага «…если сесть в бомардировщик», якім названы раздзел, прысвечаны падзеям вайны ў Мінску, выклікае неадназначнае пачуццё. Як і ўся кніга, у якой усё – праўда…

Пакаленне, названае Усеваладам Сцебуркам LAST , ужо выходзіць на сваю гістарычную арэну. Яно пераймае спакваля аўдыторыю ў зняможанага старэйшага пакалення.

Прыстасоўваецца, кожны ў свой спосаб, да рэаліяў спыненага часу, бо не можа не існаваць, не прагнуць поспеху і папулярнасці, не падсумоўваць свае дасягненні і не трасляваць свае погляды.

І ім, прадстаўнікам гэтага пакалення, наканавана ўзяць, урэшце, штурвал у свае рукі. Юнгі стануць капітанамі. Вось толькі куды паплыве наш карабель? Над гэтым можна пакуль разважаць, гартаючы гэтыя дзве кнігі, як навігацыйныя мапы, узважваючы ўсе рызыкі і марачы пра новыя берагі.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?