Палова расіянаў мяркуе, што адмяняць святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада было няправільна.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання фонду «Грамадская думка», праведзенага напярэдадні Дня народнага адзінства.
Святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ў постсавецкім спісе чырвоных дат называлася Днём згоды і прымірэння, было адменена ў 2004 годзе. Дзень народнага адзінства ўпершыню адзначаўся ў Расіі 4 лістапада 2005 года.
Паводле сацыёлагаў, толькі траціна расіянаў ведае, якое свята адзначаецца 4 лістапада.
Такія апытанні праводзяцца рэгулярна; пры гэтым з кожным годам становіцца больш тых, хто ведае аб новым свяце, у той жа час колькасць людзей, якая настальгуе па Дні згоды і прымірэння, застаецца нязменнай.
Новае дзяржаўнае свята ў Расіі 4 лістапада было заснавана ў памяць аб падзеях 1612, калі народнае апалчэнне пад кіраўніцтвам ніжагародскага земскага старасты Кузьмы Мініна і князя Дзмітрыя Пажарскага вызваліла Маскву ад польска-літоўска-беларускіх войскаў.
У ходзе апытання ФГД 49% рэспандэнтаў выказалі меркаванне, што рашэнне адмяніць свята 7 лістапада было няправільным. Пры гэтым больш за 40% апытаных упэўненыя, што гэта падзея важней, чым вызваленне Масквы ад замежных інтэрвентаў у 17-м стагоддзі.