Яўген Скрабутан

Студэнта‑каліноўца Яўгена Скрабутана арыштавалі на пяць сутак. Яго затрымалі з налепкамі «Эўрапейскага маршу», але судзілі паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы. Яўгена спынілі ўчора ўвечары ў Горадні на аўтавакзале, калі ён вярнуўся зь Менску. Ноч ён прабыў за кратамі.

У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні судзьдзя Людміла Жук пацікавілася ў міліцыянтаў — якімі нецэнзурнымі словамі называў іх пры затрыманьні Яўген Скрабутан? Пра лаянку было пазначана ў пратаколе.

Затрымалі Скрабутана ўчастковыя інспэктары Генадзь Пышынскі і Віктар Адзярэйка. Першы сказаў, што былі «пагрозы службовай расправы» і «пагрозы падалей паслаць», другі заявіў, што чуў лаянку, цытую, «з выкарыстаньнем геніталій».

Судзьдзю такія тлумачэньні задаволілі. І хаця Яўген Скрабутан зазначыў, што не ўжывае нецэнзурнай лаянкі, яго пасадзілі на пяць сутак.

Нашаму радыё Яўген патлумачыў, за што яго арыштавалі на самай справе:

«Я прывез налепкі «Эўрапейскага маршу», значкі, бранзалеткі наручныя «За Свабоду», але іх усе забралі, цэлую торбу. Склалі пратакол, паводле якога яны мусяць правесьці экспэртызу.

Было заўважна, што яны чакалі мяне на вакзале, прычым чакалі, што я буду штосьці везьці, таму затрымалі. Потым толькі зьявіліся надуманыя абвінавачаньні — што я нібыта лаяўся матам».

Судзьдзя Людміла Жук патлумачыла, што становішча Яўгена Скрабутана абцяжарыла тое, што на пачатку году яго арыштоўвалі на тры дні — таксама нібыта за лаянку. Сам ён зазначыў, што яго тады ізалявалі на час мясцовых выбараў.

Яўген Скрабутан — удзельнік «Маладога фронту», ён навучаецца на чацьвертым курсе беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Раней ён быў студэнтам Гарадзенскага ўнівэрсытэту, адкуль яго двойчы выключалі.

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Герой, падобны да Тома Круза

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0