Апошнім часам папулярнасьць набылі адмысловыя археалягічныя фэстывалі і экспэрымэнтальная («жывая») археалёгія, на якіх узнаўляюцца ня толькі самі заняткі ці тэхналягічныя працэсы, але і лад жыцьця старажытнага насельніцтва.

Полымя археалягічных ды гістарычных фэстаў ахапіла Эўропу. У адрозьненьне ад беларускіх, замежныя фэсты адметныя ня толькі рыцарскімі забавамі. На іх вялікая роля адводзіцца рамесьнікам, якія дэманструюць працэс стварэньня таго ці іншага вырабу. Ты бачыш, як з дапамогай грубай касьцяной голкі вялікі кавалак скуры ператвараецца ў зграбную ташку. Дзівісься, зь якой спрытнасьцю дзявочыя рукі нанізваюць на льняную нітку рознакаляровыя пацеркі, а жанчыны вырабляюць паясы. На тваіх вачах кавалак дрэва ці гліны ператвараецца ў лыжку ці гаршчок.

Паветра, якім дыхаюць удзельнікі фэсту, пранізанае водарам страваў нашых продкаў. Сёньняшнія гаспадыні аднавілі спосабы гатаваньня рыбы, дзічыны, зёлак, напояў і, канечне ж, ласункаў.

Адраджальнікі мінуўшчыны жывуць падчас фэстываляў у адноўленых па старажытных малюнках буданах, зямлянках ці хатках. Земляная падлога адначасова адыгрывае ролю і ложка, і стала. Абавязковы элемэнт кожнага фэсту – вогнішча. Менавіта ля яго зьбіраюцца шумныя кампаніі, сьпяваюць, танчаць.

Іскра вогнішча трапіла і ў Беларусь. Першым за ідэю ўдзельнічаць у такім фэсьце ўхапіўся ганчар, супрацоўнік Браслаўскага музэю традыцыйнай культуры Валеры Зінкевіч. Ён сабраў вакол сябе сяброў – музэйных супрацоўнікаў, якія зь цягам часу сталі апантанымі аматарамі сваёй справы. Сёньня Браслаўскі комплекс – прадстаўнік Беларусі на розных міжнародных фэстах, ён стала прыпісаўся на вядомых імпрэзах у Біскупіне, Старахавіцах ў Польшчы, Кернаве ў Літве, Цэсісе ў Латвіі.

На гэтых фэстах беларускія майстры знаёмяць цікаўных з рамёствамі і заняткамі жыхароў крывіцкага паселішча X–XI ст. (Браслаўшчына ў гэты час была ўскраінай Полацкага княства).

«Самае галоўнае на такіх фэстах – рэканструкцыя ладу жыцьця, – кажа В.Зінкевіч. – Археалягічныя фэсты даюць магчымасьць імітаваць жыцьцё ў будане, у адпаведным адзеньні і абутку, з адпаведным гістарычным раскладам дня, зь ежай, начыньнем, адпаведнымі прыладамі працы».

Трапляючы ў крывіцкае паселішча, гледачы маюць магчымасьць паназіраць за стварэньнем гліняных вырабаў ды пазнаёміцца са спосабам іх апрацоўкі. В.Зінкевіч распавядае пра шляхі апрацоўкі гліны. Разьбяр Аляксандар Курбан працуе з дрэвам – аднаўляючы старажытныя прылады для апрацоўкі дрэва, рэканструюе посуд, рэчы, неабходныя пры вядзеньні гаспадаркі, дзіцячыя цацкі. Ля Кастуся Шыдлоўскага – натоўп турыстаў, якія маюць ахвоту нанесьці некалькі літар драўляным ці мэталічным пісалам на мяккую паверхню вашчанай дошчачкі ці кавалку бяросты.

За кухню ў крывіцкай вёсцы адказвае Элеанора Зінкевіч. Ёй дапамагаюць дзеці, супольна гатуючы кашу, праснакі з макам ды мёдам.

Ірына Шыдлоўская дэманструе, як пралі льняныя ніткі з дапамогай праселкаў, як плялі паясы на дошчачках. Часам да браслаўскіх рамесьнікаў далучаецца мастак зь Менску Ўладзімер Кандрусевіч, ягонае захапленьне – паказ тэхнікі дрэварытаў. Адметная падзея ў вёсцы – здабываньне рытуальнага «жывога» агню, ад якога запальваюцца ўсе вогнішчы вёскі.

У Беларусі пакуль большая ўвага надаецца яскравым відовішчам ды рыцарскім баям. У Эўропе – вывучэньню матэрыяльнай культуры і яе прапагандзе.

«У Беларусі глядач на такіх фэстах вядзе сябе стрымана: падыдзе, трошкі пастаіць і адыходзіць. Гледачы на фэстывалях у замежжы проста закідваюць пытаньнямі. Чалавек заплаціў грошы, і ён мае права патрабаваць. Таму цалкам выкарыстоўвае гэтае права, каб яму растлумачылі што? як? чаму?», – кажа К.Шыдлоўскі.

Стваральнікі комплексу вераць, што ў межах нашай краіны будуць зьбірацца сапраўдныя фэстывалі даўняй матэрыяльнай культуры, фэстывалі «жывой археалёгіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?