1.

Старажытныя дзеці Беларусі верылі, што на месцы іх піянерлагера знаходзіўся канцлагер. Гэта ўскосна пацвярджалі знойдзеныя каля плота ржавыя абломкі, якія нагадвалі ці то кайданы, ці то скарыстаныя кулямётныя дыскі. Былі і больш важкія сведчанні — нялюдскія катаванні, якія цягам змены найміты­важатыя ладзілі безабаронным дзецям. Гвалтоўны пад’ём, ранішняя зарадка, манныя камякі і млосная самадзейнасць.

Дзеці не сумняваліся — катаванні і здзекі на гэтым лапіку зямлі перайшлі ў спадчыну ад больш ранніх захопнікаў. Некаторыя з піянераў даводзілі, што сам дырэктар лагера — эсэсаўскі недабітак з ай­к’ю беляша і купленым пашпартам на славянскае імя. Поскуддзю, якая ў свой час уласнаручна закатавала нямала партызанаў. Далібог! Ягоныя гэтыя начныя аблавы па тумбачках. Мітуслівыя фюрэрскія выступы на лінейках. Крыважэрныя патрабаванні заўсёды насіць панамку і не купацца ў рэчцы нават у спёку.

2.

Старажытныя дзеці Вавілона яшчэ за дзве тысячы гадоў да адзінабожных юдаізму і хрысціянства перасталі верыць у нехлямяжую безліч ідалаў. Да прыкладу, дзеці аніводнай хвілінкі не верылі ў багіню Іштар, чыя каменная статуя ахінала крыламі ўсё валадарства з галоўнай гарадской вежы. У адрозненне ад дарослага жыхарства імперыі, малыя вавілонцы ані ківам не пакланіліся хуткакрылым пасланцам тагасвецця — мармуровым джынам. Дзеці таксама пляваць хацелі на культ дзівосных татэмных жывёлаў, чыімі хвастатымі і рагатымі барэльефамі былі спярэшчаныя легендарныя муры.

Цяпер каланіяльныя музеі Берліна і Лондана — а менавіта яны захоўваюць большасць скарбаў вавілонскага дойлідства — наракаюць на адбітыя лапы і хвасты дзівосных жывёлаў, а таксама на гвалтоўна перарваны ў шматлікіх месцах вышуканы арнамент. Музейнікі перакананыя: вінаваты бязлітасны час і нядбальства археолагаў ды перавозчыкаў старасветчыны. О, як жа моцна тыя музейнікі памыляюцца!

Гістарычная праўда ў тым, што плітачкі яшчэ за часамі Навухаданосара скалупалі мясцовыя падшыванцы. Старажытныя дзеці Вавілона былі перакананыя, што легіёны фальшывых ідалішчаў не дапамогуць, а шчасце і вечнае збавенне прынясе адна­адзіная рэч — паліваныя плітачкі. У іх вачах гэтыя прастакутнікі лічыліся адной і адзінай вартай пакланення рэччу. Рэччу, за якую любы малы быў гатовы прадаць душу і рызыкнуць целам. Бо плітачкі можна цягаць у кішэні або мяняць на здохлага жука. Выхваляцца іх калекцыяй перад зачараваным сябрам або пры іх дапамозе заваёўваць сэрца суседскіх дзяўчатак. А яшчэ гуляць у «чу» і «бабку».

Раз’юшаны Навухаданосар паабяцаў чвартаваць любога, хто пашкодзіць святарную браму або муры галоўнай вуліцы (якая, мы ведаем, называлася праспектам Хай Здохнуць Усе Нашыя Ворагі). На гарадскім пляцы нават паўстала жахлівая дыба. Але дзе ты каго зловіш! Каго з малалетніх архараўцаў хоць калі ў гісторыі спынялі суворыя забароны і смяротнае пакаранне?

3.

Вось ён, я. Пішу ўсе гэтыя звесткі пра старадаўнія падзеі ў шматпавярховіку са шкла і бетону. Амаль дарослы чалавек з недарэчным імем — ці то Ігнацый, ці то Макарый. Захраслы ў кішках бясконцага горада будучыні. У офісе са сляпучым люмінісцэнтам сярод разлапістага лабірынта мініяцюрных кабінецікаў. На стале — фаянсавы кубак сублімаванай кавы з пыхлівым напісам «I love sex».

Як жа так сталася, што гэтае магутнае дзіцячае княства ад акіяна да акіяна рассыпалася ўшчэнт? Як здарылася, што мы не адстаялі нашых найвялікшых набыткаў і дасягненняў? Зніклі ў невараць нашы крыжовыя паходы, нашы бунты і паслядоўная нязгода з варожымі цывілізацыямі дарослых. Наш адпрыродны гонар, праўдалюбства і непаслушэнства. Псаваць, разбіваць, ганіць, ганьбіць, пляміць, заліваць бацькоўскія дываны згушчонкай і стэарынам. На якім этапе мы загрузлі ў распусце парадку? Як аддалі святыні псам?

Люты, бязлітасны вораг спярша пакроіў вялікае княства, потым начапіў на нас свой нявольніцкі гарнітур­«тройку» і ўрэшце падвесіў за гальштук вясёленькіх адценняў. Як чалавек з цвярозай развагаю пагаджаецца на свой першы працоўны дзень?

Але досыць смаркатых цюхцяў­мухцяў! Пакуль я жывы і ў стане, не стану маўчаць. І як нельга адрадзіць колішнюю веліч княства, дык я, прынамсі, маю распавесці ўголас пра колішняе яго ззянне, перадаць трапяткі досвед далей. Я, апошні грамадзянін вялікага княства, буду занатоўваць праўдзівую гісторыю майго люду. Па кавалачку збіраць мазаіку чорных прагалін. Я адно хачу, каб ты, нашчадак і спадкаемца, пра нас не забыўся.

Запамінай, дружа: адна чырвоная плітачка каштуе дзве шэрыя, чатыры чырвоныя — адну жоўтую, і дзесяць жоўтых — адну блакітную. Блакітная гэтак цэніцца, бо толькі на ёй — і ні на якой іншай плітачцы! — вавілонскі хлопчык ці дзяўчынка трывала ловяць у фокус прастакутнага экрана відзеж, як у царскай спачывальні голы Навухаданосар трыма кашчавымі пальцамі засяроджана калупаецца ў носе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?