Гатоўнасць паехаць працаваць у іншую краіну выказалі 61,7% апытаных беларусаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў.
Такія звесткі даследавання «Моладзь Беларусі на рынку працы і ў сістэме працоўных адносін», праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва) вясной—летам 2013 года пры падтрымцы Беларускага Шуманаўскага таварыства (Польшча).
Як адзначыў заснавальнік НІСЭПД сацыёлаг Алег Манаеў на прэзентацыі даследавання 6 лістапада ў Мінску, можна канстатаваць высокую арыентацыю беларускай моладзі на замежжа. Калі сярод прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў у пошуках задавальняючага месца працы гатовыя паехаць у іншую краіну 27%, а не гатовыя 68,7%, то сярод моладзі гэтыя суадносіны амаль адваротныя: 61,7% супраць 33,4%.
Манаеў выказаў меркаванне, што «гэта гаворыць не гэтулькі пра блізкасць заходніх каштоўнасцяў і ладу жыцця, колькі пра гатоўнасць збегчы далей ад беларускай рэальнасці».
Практычна поўная ўключанасць беларускай моладзі ў інтэрнэт, на думку эксперта, «сведчыць, хутчэй за ўсё, таксама не гэтулькі пра яе цікавасць да вялікага свету, колькі пра той жа сыход ад рэала ў віртуал».
Манаеў адзначыў, што «нізкі ўзровень жыцця ў краіне, бесперспектыўнасць у працоўнай сферы, залішняя зарэгуляванасць працоўных адносін прыкметна сказілі прыярытэты жыццёвых каштоўнасцяў насельніцтва, асабліва моладзі, накіраваўшы іх у меркантыльны бок ва ўрон традыцыйным агульначалавечым».