У галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 6 лістапада адбыўся літаратурна-асветніцкі вечар «І скажа той, хто народзіцца…», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння празаіка Вячаслава Адамчыка (1933—2001).
Адам Глобус, старшы сын Вячаслава Адамчыка.
Віктар Шніп, паэт, які маладым часта бываў у Адамчыкаў.
Адам Мальдзіс з цеплынёй успамінае сябра.
Алесь Бадак атрымаў ад Адамчыка кнігу ў падарунак, калі служыў у Савецкай арміі ў Манголіі.
На вечарыне прысутнічалі сябры і знаёмыя пісьменніка, а таксама яго сыны – Міраслаў Адамчык і Адам Глобус. Прапануем вам успаміны знакамітых паэтаў і празаікаў пра Вячаслава Адамчыка.
Адам Мальдзіс: «Безумоўна, мы ўсе былі шасцідзясятнікамі, хаця розніліся на год-два, гэта была адліга пасля сталінскіх гадоў, якія мы суправаджалі надзеяй. Пасля гэтага наступіў зварот да праўды, да рэалізму.
Я памятаю, як мы з Караткевічам падымаліся ў тым доме, што на Карла Маркса, на пяты паверх, дзе жыў Уладзімір, мы сябравалі з ім гадоў 30. Падымаючыся, кажа: «Тут твой сын жыве». Я запытваю: «Чаму?» «Ну, таму што тут Адамчык жыве, а ты – Адам». Але не, у яго ўжо ёсць свой Адам.
І потым пачалася ў нас гаворка пра тое, як ахарактарызаваць творчасць Адамчыка.
Ну, я кажу адразу: рэаліст. Можа хтосьці скажа нават, што сацыялістычны рэаліст. Але не, ні ў якім выпадку не сацыялістычны. Толькі класічны.
Ён любіць праўду-матку. Гэта значыць, што ён любіць і ведае дэталі жыцця Заходняй Беларусі так, як я мо ведаю Кіеў, бо там вучыўся, ці Оршу, але каб цэлую вялікую прастору – гэта не па мне».
Віктар Шніп: «Маё знаёмства з Вячаславам Адамчыкам пачалося ў 1980 годзе, калі я на калідоры часопіса «Маладосць» сустрэўся з Адамам Глобусам. Я тады яшчэ не ведаў, што Вячаслаў Адамчык – яго бацька, але неяк Валодзя запрасіў мяне ў госці, і там мы з пісьменнікам пазнаёміліся.
Мы тады былі маладыя, нам было каму менш за 20, каму 20, каму 22 – гэта Уладзімір Сцяпан, Уладзімір Сіўчыкаў, Міраслаў Шайбак (Адамчык), нас 6 чалавек было. Пісалі мы тады незвычайныя вершы хоку. Мы ў адным пакоі сядзелі, і бацька Валодзі прыходзіў з працы, і заўсёды заходзіў да нас, паглядзець, чым мы там займаемся. Ён быў задаволены, бо мы чыталі вершы, абмяркоўвалі, ён, відаць, бачыў у нас будучых літаратараў.
Яму падабалася, што ў яго доме збіраліся будучыя паэты, празаікі.
Зразумела, я пачаў чытаць творы Вячаслава Адамчыка, і мне вельмі хацелася пабыць у кабінеце, дзе пісаліся ўсе гэтыя кнігі. Неяк, памятаю, яго не было дома, і я вольна хадзіў па хаце, зайшоў у гэты кабінет… Як зараз памятаю, там на стале стаяла пішучая машынка, якой у мяне не было яшчэ. Мне было прыемна да яе дакрануцца і адчуць патаемнасць стварэння новых твораў».
Алесь Бадак: «1984 год… Я ужо паступіў на філфак, і ўжо пасля першага курса прызываюць у войска. І мала таго, што ў войска, дык у Манголію служыць. Уявіце сабе першакурсніка, які прыехаў з-пад Ляхавічаў, які жыве нейкімі сваімі фантазіямі, і раптам трапляе ў іншую краіну. Праслужыўшы там паўтары года, я сам стаў падобны да прадстаўніка Сярэдняй Азіі, што жывуць у стэпах, пустынях.
І раптам туды прыходзіць ліст, падпісаны сям’ёй Адамчыкаў.
У гэтым лісце вельмі харошыя словы: «Алесь, мы ведаем, як табе там цяжка, таму вось гэтая кніжка, якую мы табе перасылаем, яна дапаможа помніць пра Беларусь, пра сваю радзіму».
Мне гэта настолькі было прыемна, што захоўваю па сённяшні дзень. А пасля я для сябе адкрыў прозу Вячаслава Адамчыка, калі вярнуўся з войска.
Я, памятаю, быў ашаломлены яго апавяданнем, якое называецца «Пах летняй травы».
Яго нельга пераказаць… Там апісваецца, як галоўны герой прыязжае ў вёску, і па сутнасці, там больш нічога няма, ён апісвае пачуцці ўсю дарогу, як думае пра маці, пра свае мясціны, і кожны сказ быў быццам бы напісаны пра мяне.
Вячаслаў Адамчык любіў слова, маліўся слову, ведаў магію слова, цярпець не мог фальшу. Страшэнна не любіў тых, хто зняважліва ставіўся да слова».