На жаль, шэраг беларускіх публіцыстаў некрытычна пераймаюць чужынскае разуменьне гістарычных падзеяў, што паўплывалі на Беларусь у ХХ стагодзьдзі. Асабліва гэта датычыць калькі «савецкая акупацыя», пазычанай ад прыбалтаў ды ўкраінцаў. Гэтая прыгожая фраза, аднак, бессэнсоўная ў дастасаваньні да беларускай гісторыі.

1. Савецкай акупацыі БНР не было, бо БНР як дзяржавы не існавала. БНР была геройскім, годным пашаны палітычным праектам, які, аднак, такім і застаўся.

Дзьве прычыны прымушаюць лічыць яе праектам – што, дарэчы, ня ёсьць зьнявагай, а толькі канстатацыяй факта. Па-першае, дэмакратычнага мандата БНР ня мела, бо Ўсебеларускі зьезд ніколі патрабаваньняў незалежнасьці не высоўваў. Яе абвяшчаў орган, створаны пасьля разгону Зьезду бальшавікамі. Таму калі Алесь Чайчыц піша ў «Нашай Ніве», «Савецкая ўлада на Беларусі не была выражэньнем волі беларускага народа», дык можна толькі дадаць, што легітымнасьць БНР, яе дэмакратычны мандат быў яшчэ больш сумнеўны ўжо з самага пачатку і рабіўся такім яшчэ больш зь бегам часу – зважаючы на мэханізм перадачы паўнамоцтваў у Радзе БНР.

2. Па-другое, БНР была толькі праектам таму, што ніводзін урад БНР ані змог узяць пад эфэктыўны кантроль тэрыторыю, на якую прэтэндаваў, ані сфармаваць інстытутаў незалежнай дзяржавы.

Найбліжэй падыйшоў да гэтае мэты генэрал Булак-Балаховіч у часе свайго Палескага паходу, але ягоныя пляны прымушаюць з насьцярожанасьцю ставіцца да гэтай апэрацыі генэрала.

Балаховіч у гэты час дзейнічаў ня толькі бяз узгадненьня з урадам БНР, але і супраць яго палітычнай лініі (урад хаўрусаваў з ковенскай Летувай, а генэрал працаваў фактычна ў выразна польскіх інтарэсах).

Слуцкае паўстаньне пры ўсёй яго рэальнасьці і чысьцейшасьці ў параўнаньні з Палескім паходам, мае іншую праблему – адсутнасьць рэальнай прывязкі да БНР: элемэнтарна часу не хапіла.

3. Ці БНР прымусіла Маскву стварыць БССР? Бальшавікі ў любым разе зьбіраліся ствараць нацыянальныя аўтаноміі і ня толькі для беларусаў.

Калі іх нешта дадаткова да таго падштурхоўвала – дык гэта хутчэй УНР ці незалежныя балтыйскія ды закаўказскія дзяржавы – а не БНР. Ці нацыянальныя рэспублікі ствараліся бальшавікамі з праўдзівага перакананьня ў неабходнасьці такім чынам разьвязаць нацыянальнае пытаньне, ці дзеля таго, каб разьбіць на фрагмэнты контаррэвалюцыйны рух, што стаяў на грунце адзінай і непадзельнай Расеі – сказаць цяжка. Магчыма, абодва матывы прысутнічалі адначасова.

Але факт у тым, што бальшавікі ўстойліва ад самай рэвалюцыі і аж да 1936 году займаліся «нацыянальным разьмежаваньнем» і стварылі ўрэшце нацыянальныя аўтаноміі для ўсіх этнічных групаў, якія маглі хоць нейкім чынам на іх прэтэндаваць. Калі гэтыя аўтаноміі былі «савецкага тыпу», дык гэта не азначае, што яны не маглі спрыяць нацыянальнаму разьвіцьцю. Ствараліся аўтаноміі зусім не адвольна, а з прыцягненьнем наяўнай этнаграфічнай экспэртызы, як тое давяла Фрэнсін Гірш у сваёй манаграфіі (Francine Hirsch. Empire of Nations: Ethnographic Knowledge and the Making of the Soviet Union). Існаваньне БССР з чатырма дзяржаўнымі мовамі, якія горш ці лепш але функцыянавалі, гэта не тое, на што трэба забыцца з-за таго, што побач з тым існавалі сумнеўныя палітычныя інстытуты, што займаліся масавым тэрорам.

4. Ці была БССР крокам наперад ці крокам назад у беларускім нацыянальным руху? Каб зразумець яе значэньне, трэба параўнаць яе з тым, што мелі беларусы да таго, як паўстала БССР. У Расейскай імпэрыі яны існавалі ў выглядзе губерняў, ня мелі палітычнага прадстаўніцтва, ня мелі адукацыйных установаў, заставаліся ў баку ад мадэрнізацыйных працэсаў. Яшчэ ў горшым становішчы яны апынуліся пад польскай адміністрацыяй.

Чаму так мала беларусаў было сярод бальшавікоў і ў кіраўніцтве БССР? Прычынаў таму шмат, але можна нагадаць, што беларусы да 1917 году заставаліся сялянскай нацыяй (зь невялікай доляй гарадзкога насельніцтва – у асноўным маргінальнага), не ахопленай мадэрнізацыяй і адпаведна далёкай ад марксізму.

Вышэйшыя слаі беларускага грамадзтва палянізаваліся і русіфікаваліся яшчэ да ўзьнікненьня пачаткаў мадэрнай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Фундаваньне графіняй Радзівіл адзінкавых кніжак і ўдзел Рамана Скірмунта ў беларускім руху заставаліся выняткамі. Заможная шляхта ды магнацтва сышлі ад Беларусі, яшчэ да яе ўзьнікненьня на палітычным даляглядзе. Шарачковыя, бедныя шляхціцы, што па сацыяльным становішчы ад сялянаў няшмат адрозьніваліся, іншая справа – яны як найбольш адукаваная частка грамадзтва чынна спрычыніліся да беларускага руху – амаль выняткова левага, дарэчы.

У такіх умовах БССР была несумненнымі дзвума крокамі наперад і адным крокам назад (з-за таго, якую цану давялося заплаціць). Таму БССР трэба безь неразумнага ўсхваленьня прызнаць аб'ектыўным посьпехам для разьвіцьця беларускай нацыі. Усе беларусы апынуліся ў адзінай беларускай рэспубліцы, пачалася інтэграцыя ня толькі ў агульнасаюзную структуру, але і ўнутрыбеларуская інтэграцыя. Беларусы атрымалі сучасную адукацыю, якая ўключала прышчапленьне ім беларускай – хай сабе і савецкай – сьвядомасьці. Край індустрыялізаваўся. Альтэрнатывы ўсяму гэтаму не было – ні за часы польскай адміністрацыі ў Заходняй Беларусі, ні за часы нямецкай акупацыі пагатоў.

5. Ці зьнішчала БССР «інтэлектуальны генафонд нацыі», створаны стагоддзямі? Выкарыстаньне тэрміну «інтэлектуальны генафонд» выводзіць дыскусію за рамкі сур'ёзнага абмеркаваньня і набліжае яе да абмену паэтычнымі мэтафарамі.

Калі пытаньне стаіць аб рэпрэсіях, дык безумоўна яны мелі месца. Іншая справа, што гісторыя БССР была вельмі неадназначнай і ў пэўныя пэрыяды яе гісторыі стварэньне бальшавікамі нацыянальнай інтэлігенцыі (замест палянізаванай і русыфікаванай шляхты ды інтэлігенцыі дарэвалюцыйнага часу) суправаджалася адначасовымі рэпрэсіямі супраць яе. Часам гэтыя рэпрэсіі набывалі характар масавага палітычнага тэрору – але ніколі не грунтаванага на нацыянальнай глебе. У прыватнасьці, БССР – роўна ў такой самай ступені як і ўвесь СССР – ахапілі хвалі «раскулачваньня» і палітычнага тэрору, «яжоўшчыны» ў 1937-38 гадох – на якія так часта спасылаюцца антысавецкія аўтары, абагульняючы і імплікуючы, нібыта гэта і было пастаяннай зьявай і нейкім чынам асабліва скіраванай супраць беларусаў. Памянёныя падзеі не былі нормай і ў далейшым у такіх маштабах не паўтараліся.

Гэта не зьмяншае трагедыі. Наадварот, неразумныя перабольшваньні ўсіх рэпрэсіяў савецкай улады на беларускіх абшарах ператвараюць несумненна важкі ў маральным пляне пакет абгрунтаваных абвінавачаньняў на адрас савецкай дзяржавы ў прапагандысцкі антысавецкі трэш.

6. Разам з тым, сутнасьць БССР ні ў адным пэрыядзе яе існаваньня рэпрэсіямі не абмяжоўваецца. Не абмяжоўваецца яна і русіфікацыяй

– многія падзеі, якія тэндэнцыйна трактуюцца як русіфікацыя, былі натуральным вынікам інтэграцыі ў рамках СССР або наступствам слабой нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, якія проста не рэалізоўвалі правы і не карысталіся магчымасьцямі для разьвіцьця сваёй культуры, бо не лічылі тое патрэбным.

Апошняе і, па сутнасьці, самае актуальнае на сяньня. У БССР адбывалася фармаваньне нацыі, якая ў выніку на пачатку 1990-х мела ў зародку ўсе інстытуты дзяржаўнасьці, якая змагла кансалідаваць беларусаў, падрыхтаваць навукова-тэхнічныя ды кіраўнічыя кадры, неабходныя мадэрнай эўрапейскай нацыі. Таму БССР цяжка апісаць адным сказам, хіба што так: гэта была адзіная рэалістычная дарога да дзяржаўнасьці сярод мноства прыгожых але ілюзорных праектаў.

7. Тэрміны «акупацыя» і «генацыд» (цытуючы Леаніда Маракова) да бальшавіцкай палітыкі часоў БССР дастасаваць немагчыма. Бальшавікі займаліся тэрорам – але ня толькі ім.

Чым яны дакладна не займаліся – дык гэта генацыдам. Чаму абавязкова трэба абвінавачваць іх яшчэ ў відавочна неадпаведным «генацыдзе», няўжо мала іншых адмоўных момантаў?

8. Праблема і з імкненьнем Алеся Чайчыца абагульняць абсалютна рознародныя рэчы, каб змайстраваць глябальныя высновы. «Узброены захоп бальшавікамі тэрыторыі БНР і стварэньне на ёй альтэрнатыўнай марыянэткавай псэўдадзяржавы — гэта проста адна зь першых «адпрацовак» схемы, якая ў 1939 годзе была выкарыстаная ў дачыненьні да краінаў Балтыі і правалілася ў дачыненьні да Фінляндыі, у 1944-45 — ужытая ў дачыненьні да Польшчы і часткі Нямеччыны, пасьля вайны — у дачыненьні да Карэі, Віетнаму і іншых». Апроч блытаніны з датамі, варта нагадаць, што азіяцкія кампартыі якраз сваім нацыяналізмам і сумнеўнай ляяльнасьцю да марксізму-ленінізму і вядомыя.

Тая самая КНДР фактычна ўжо ў першым дзесяцігоддзі існаваньня хутка вынішчыла прасавецкіх ды пракітайскіх камуністаў, а атрыманьне ёю савецкіх субсыдыяў не азначае яе марыянэткавасьць.

Ізраіль таксама атрымліваў і атрымлівае велізарную фінансавую дапамогу ад ЗША ды Нямеччыны – Вы ж ня лічыце яго «амэрыканскай марыянэткай», спадзяюся?

Калі ж Віетмін і Віетконг Алесю падаюцца марыянэткавымі, дык цікавыя былі і гэтыя «марыянэткі». Віетмін, ды Хашымін асабіста, працавалі з амэрыканцамі пакуль тыя выразна не падтрымалі францускія пляны рэкалянізацыі, прытым што Савецкі Саюз доўгі час нават фізычна ня мог віетмінцом дапамагчы – нават праз тады хаўрусных Маскве кітайцаў – гэта стала магчымым толькі на позьняй стадыі вайны. А ў далейшым камуністычны Паўночны Віетнам пасьпяхова манэўраваў паміж СССР і мааісцкім Кітаем у часы супрацьстаяньня апошніх.

Але гэта ўжо адступленьне да іншай тэмы. Мая ж выснова такая: няможна дэманізаваць БССР, гэта быў неад’емны этап станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?