Скульптар Генік Лойка звярнуўся да старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка з просьбай заняцца праблемай продажу мініацюрных дзяржаўных сцяжкоў Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

Гэнік Лойка падчас пікета, прысвечанага Дню роднай мовы.

Гэнік Лойка падчас пікета, прысвечанага Дню роднай мовы.

«Шаноўны спадар старшыня!

Апошнім часам у нашай краіне Рэспубліцы Беларусі пачасціліся выпадкі замаху на дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Грамадзяне краіны заўважаюць то тут, то там у кабінах грамадскага і службовага транспарту сцягі чужой краіны РФ», — піша Лойка.

Лойка нават саставіў спіс аўтобусаў з васьмі пунктаў, кіроўцы якіх возяць у кабінах сцягі суседняй дзяржавы.

Гэнік Лойка ўпэўнены, што ліквідацыя такіх спробаў «замаху на суверэнітэт» — справа менавіта КДБ, якой камітэт, аднак, не дае рады.

«А, зрэшты, чаму гэта я павінен пералічаць усе выпадкі і выступаць тут у ролі інфарматара ці «стукача», як у народзе кажуць? Дзе пільнасьць адпаведных органаў? Выяўляць выпадкі парушэння дзяржаўнага суверэнітэту — гэта непасрэдны абавязак супрацоўнікаў Вашага ведамства, за які яны атрымліваюць зарплату з нашых падаткаў.

Дзяржаўны сцяг — гэта не цацка, а канкрэтны палітычны сімвал канкрэтнай дзяржавы. Публічнае ўжыванне такога сімвалу чужой дзяржавы азначае альбо акупацыю роднага краю, альбо грамадска-палітычную акцыю, прысвечаную чужой дзяржаве, на правядзенне якой неабходная санкцыя органаў мясцовай улады.

Можа, камусьці здасца, што тут няма крыміналу. Падумаеш, дарослыя дзядзечкі захацелі памахаць сцяжочкамі. Што тут заганнага? Хай бы пацешыліся, нікому ж не замінаюць. Ды адна акалічнасць не дае мне спакою — роўна за такое ж парушэнне заканадаўства (а менавіта, за НЕСАНКЦЫЯНАВАНУЮ грамадска-палітычную акцыю) асабіста я пацярпеў рэальна, на 5 сутак турмы. А было так. Я захацеў быў прадэманстраваць сваю любоў да роднай мовы. Дзеля гэтага абраў час — Міжнародны дзень абароны роднай мовы, і месца — школа, якая больш не называецца беларускамоўнай. Ужо зранку каля школы пільнавалі кадэбісты і міліцыянеры ў цывільным. Але я прарваўся да журналістаў усяго свету і паспеў выказаць свой клопат і боль за беларускую мову. Літаральна праз 15 хвілін мяне затрымалі і асудзілі па максімуму.

А колькі яшчэ беларусаў трапілі ў турмы за дэманстрацыю любові да свайго роднага, беларускага, найпрыгажэйшага ў свеце, бела-чырвона-белага сцягу! І ўсё гэта, я мяркую, дзякуючы аператыўнасці КДБ РБ. Але дзе ж падзелася ваша аператыўнасць, калі на нашых вачах месяцамі (!) пад выглядам дзіцячай гульні адбываюцца незаконныя акцыі ці, нават, я б сказаў, паўзучая акупацыя Беларусі чужой дзяржавай? Я маю на ўвазе сцягі Расійскай Федэрацыі, якія соўваюцца па нашай краіне ў кабінах грамадскага транспарту», — піша Лойка.

Хоць заява Лойкі не спасылаецца на канкрэтныя законы, якія забараняюць кіроўцам размяшчаць у кабінак сваіх службовых ці ўласных транспартных сродкаў сцягі іншай дзяржавы, Лойка высунуў тры канкрэтныя патрабаванні:

Па-першае, ліквідаваць па ўсёй краіне незаконнае ўжыванне сімвалаў Расійскай Федэрацы.

Па-другое, пакараць супрацоўнікаў КДБ за недагляд у сваёй службе, якія дапусцілі замах на суверэнітэт нашай дзяржавы і паведаміць мне.

Па-трэцяе, паведаміць, хто арганізаваў продаж гэтых сцяжкоў.

«Я разумею, што гандаль у нас не забаронены, але такая арганізацыя продажу менавіта кіроўцам выглядае правакацыяй. Я не паверу, што КДБ пра гэта не ведае, паўтараю, каб мяне арыштаваць хапіла 15 хвілін», — кажа Лойка.

Нагадаем, што праз расійскія сцяжкі, размешчаныя ў кабінах кіроўцаў грамадскага транспарту, ужо адбылася некалькі інцыдэнтаў. Так, у пачатку кастрычніка стала вядома, што кіраўніцтва аўтобуснага парка №2 горада Мінска пазбавіла прэміі кіроўцу аўтобуса, на якога паскардзіўся Алесь Мазанік. Дырэктар аўтапарка таксама паведаміў, што з лабавога шкла аўтобуса прыбралі і беларускі і расійскі дзяржаўны сцяг, бо гэта забараняецца нормамі "экіпіроўкі аўтобуса". Аднак каментатары ў інтэрнэце  знайшлі такое пакаранне занадта жорсткім. Мазанік прыслухаўся да прапаноў, і пайшоў на прымірэнне з кіроўцам Васілём Ананічам: падарыў таму кнігу Уладзіміра Арлова і выказаў гатоўнасць кампенсаваць страчаную прэмію.

А зусім нядаўна актывіст БХД Алесь Кутасаў адмовіўся плаціць за праезд у аўатобусе Мінск–Калодзішчы, бо ў кіроўцы на лабавым шкле быў замацаваны расійскі сцяг. За гэта на канцавым прыпынку Кутасава затрымалі, адвезлі ў пастарунак, аднак неўзабаве адпусцілі.

Глядзі таксама: Вайна з расійскімі сцяжкамі дайшла і да Магілёва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?