А палове восьмай раніцы 7 лістапада 24-гадовы мужчына на «Фольксвагене» заехаў у групу людзей, паведамляе сайт ДАІ Гродна і Гродзенскай вобласці.

З вуліцы Паповіча ён паварочваў на вуліцу Савецкіх памежнікаў. Зялёная стрэлка дадатковай секцыі святлафора такі манеўр дазваляла. Аднак перад тым як павярнуць, кіроўца мусіў прапусціць пешаходаў, якія таксама ішлі на «зялёнае» святло.

Парушальнік гэтага не зрабіў і збіў юнака, які перасякаў праезную частку. Пацярпелы атрымаў пералом сківіцы і быў шпіталізаваны.

На тым жа пешаходным пераходзе «Фольксваген» збіў пажылога мужчыну, які прыкладна метр не дайшоў да раздзяляльнага газона. Ад удару ў спіну пенсіянер зваліўся на астравок бяспекі. Ад медыцынскай дапамогі ён адмовіўся.

Парушальнік не стаў спыняцца і павярнуў на вуліцу Цітова. На плошчы Дзекабрыстаў ён ўбачыў пададзены інспектарам жазлом сігнал аб спыненні, але не падпарадкаваўся і паспрабаваў з’ехаць. Спроба скончылася ўдарам у асвятляльную апору.

У часе затрымання ён супраціўляўся, міліцыянты вымушаныя былі прымяніць спецыяльныя сродкі.

Ад дачы тлумачэнняў затрыманы наадрэз адмовіўся. Утрыманне алкаголю ў яго арганізме больш чым у сем разоў перавысіла дапушчальнае — 2,14 праміле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?