Ахвярамі разбуральнага тайфуну «Хаян» на філіпінскай выспе Лейтэ, па апошніх дадзеных, сталі каля 10 тысяч чалавек, паведамляюць сусветныя інфармагенцтвы са спасылкай на прадстаўнікоў мясцовай паліцыі.

Правінцыя Лейтэ прыняла на сябе асноўны ўдар стыхіі. Раней паведамлялася пра 1200 загінулых: у прыбярэжным горадзе Таклабан было знойдзена не менш за тысячу целаў, а ў правінцыі Самар — каля 200.

Урад Філіпін да гэтага часу афіцыйна пацвярджаў толькі гібель некалькіх соцень чалавек.

«Уначы прайшла сустрэча з губернатарам правінцыі і іншымі чыноўнікамі. Губернатар паведаміў, што, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі 10 тысяч чалавек», — заявіў шэф мясцовай паліцыі Элмер Сарыя.

Большасць загінуўшых, па дадзеных уладаў, патанулі або былі заваленыя абломкамі будынкаў.

На шляху праходжання тайфуна ў правінцыі Лейтэ было разбурана да 80 % усіх пабудоў і камунікацый.

Трапічны тайфун «Хаян», самы магутны за ўвесь час назіранняў, зраўняў з зямлёй цэлыя пасёлкі і затапіў ўзбярэжжа Філіпін.

Штармавы вецер зрываў з дамоў дахі і выклікаў апоўзні на дарогах.

Пры набліжэнні тайфуну ўлады эвакуіравалі некалькі тысяч чалавек з прыбярэжнай зоны, аднак, як высвятляецца зараз, цэнтральным раёнам краіны стыхія нанесла не меншыя разбурэння.

Хуткасць ветру ў эпіцэнтры тайфуну, па ацэнцы сіноптыкаў, дасягала 300 кіламетраў у гадзіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?