Судом Бабруйскага раёна і горада Бабруйска да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджаны мясцовы жыхар.
Мужчына прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 328 КК, ч. 3 арт. 328 КК (незаконнае без мэты збыту набыццё і захоўванне наркатычных сродкаў; незаконнае набыццё і захоўванне з мэтай збыту, а таксама збыт асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва асобай, якая раней учыніла аналагічнае злачынства).
Падчас следства і суда ўстаноўлена, што ў верасні 2012 года асуджаны сарваў у адным з двароў прыватнага дома ў Бабруйску дзікарослыя каноплі, якія высушыў, захоўваў у сябе для асабістага спажывання, пры гэтым частку высушанай расліны спажыў.
Паводле заключэння эксперта, гэта рэчыва з'яўляецца небяспечным наркатычным сродкам — марыхуанай. У доме ў асуджанага праваахоўнымі органамі былі знойдзены прыстасаванні для ўжывання наркотыкаў.
Ён жа ў снежні 2012 года — пачатку студзеня 2013 года набыў у неўстаноўленай асобы больш як 20 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва метанон, частку якога прадаў жыхару Бабруйска.