Бабруйскі міжгарнізонны ваенны суд прызнаў вінаватым малодшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС Сініцына ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Нагадаем, у чэрвені Следчы камітэт расследаваў крымінальную справу аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў у дачыненні да шэрагу супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС, якія падазраваліся ў збіванні затрыманага ў снежні 2012 года. Адзін з іх, старшы сяржант міліцыі Сініцын, быў узяты пад варту.

Як паведаміў старшыня Бабруйскага міжгарнізоннага ваеннага суда Юрый Руткоўскі, справа Сініцына была вылучана ў асобную вытворчасць. 31 кастрычніка ён быў асуджаны на падставе артыкулаў аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў і наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання.

«Канчатковая мера пакарання яму прызначана ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў, з пазбаўленнем спецыяльнага звання «старшы сяржант міліцыі», — расказаў Руткоўскі.

Прысуд у дачыненні да Сініцына пакуль не набыў законную моц. «Ён вінаватым сябе не прызнаў», — адзначыў старшыня ваеннага суда.

Як раней паведамляла маці пацярпелага жыхара Крычава, яе сына беспадстаўна падазравалі ў крадзяжы. Пасля збівання малады чалавек знаходзіўся ў цяжкім стане і быў шпіталізаваны.

Першапачаткова справай займаўся КДБ, а потым яна была перададзена ў Следчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?